Як піша докшыцкая раённая газета “Родныя вытокі”, у раённым цэнтры на базе РУП ЖКГ "Докшыцы-камунальнік" адбылася сустрэча са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі РГА "Патрыёты Беларусі" Вольгай Мацюсь. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна.
Гэтую арганізацыю ўлады стварылі не так даўно і заяўляюць пра тое, што асноўная яе дзейнасць – гэта арганізацыя аўтапрабегаў. Дэвізам праўладнага грамадскага аб’яднання "Патрыёты Беларусі" з’яўляецца наступнае: “Памятаем мінулае. Шануем сучаснасць. Думаем пра будучыню!» .
- Вы ўсе з'яўляецеся патрыётамі: любіце сваю малую радзіму, працуеце на карысць краіны, - звярнулася на пачатку сустрэчы да прысутных, прадстаўнікоў працоўных калектываў раёна, Аксана Палачаніна. - Многія з вас мелі магчымасць прыняць удзел у акцыях, якія праводзіліся пад эгідай «Патрыётаў Беларусі». Гэта маладое грамадскае аб'яднанне, але на слыху. Па выніках дзейнасці 2021 года яно ўдастоена прэстыжнай прэміі "За духоўнае адраджэнне" - за рэалізацыю сацыяльна значных праектаў, накіраваных на фармаванне грамадзянскай самасвядомасці і ўмацаванне дзяржаўнага суверэнітэту.
Пасля яе слоў старшыня абласной арганізацыі Вольга Мацюсь паведаміла, чым займаецца аб'яднанне ў напрамку захавання гістарычнай памяці, дабрачыннасці, адукацыі і выхавання.
- Наш самы фундаментальны праект - аўтапрабегі, - у прыватнасці, сказала яна. - Ён аб'ядноўвае аднадумцаў, якія падарожнічаюць разам па розных маршрутах Беларусі. Мы знаёмімся са знакавымі месцамі і дасягненнямі рэгіёнаў. Адзін з самых маштабных аўтапрабегаў - "Сімвал адзінства", які папулярызаваў Дзень народнага адзінства. Удзельнікі праехалі праз усе раёны, захапляючыся прыгажосцю роднай зямлі.
Кульмінацыяй сходу, да чаго ўсё і вялося, стала рашэнне аб стварэнні Докшыцкай раённай грамадскай арганізацыі. У склад савета ўвайшлі Алена Курныш, намеснік дырэктара Бягомльскага лясгаса, Павел Латковіч, член Маладзёжнага парламента пры так званым Нацыянальным Сходзе Рэспублікі Беларусь, і Ірына Малюжанец, загадчыца сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг № 209, у бліжэйшы час будзе абраны старшыня арганізацыі. Выбраны кандыдатуры і ў склад кантрольна-рэвізійнай камісіі.
Напрыканцы Вольга Мацюсь уручыла падзяку Аксане Палачанінай за падтрымку і ўсебаковую дапамогу ў рэалізацыі праектаў і акцый "Патрыёты Беларусі", за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама падзякавала жыхарам раёна за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Вось так праўладныя так званыя грамадскія актывісты па загадах ствараюць свае суполкі, дзякуюць адно аднаму, то бок сваім людзям. А сапраўдных сумленных беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, якая адрозніваецца ад лукашэнкаўскай, улады пераследуюць і ўручаюць ім не граматы і дыпломы, а штрафы, суткі і гады зняволення.
Ірына Куцко