Серада, 06 Снежань 2023

У Лепелі няма ніводнай праблемы? Не, проста «раёнка» не хоча іх называць

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

 

Цікавая рубрыка знайшлася на інтэрнэт-старонцы газеты «Лепельскі край». Яна называецца «Карта городских проблем». А цікаўнасць яна выклікае тым, што абсалютна пустая: чытача сустракае толькі назва. Гэты факт, можа, і не сведчыць пра памкненне схаваць наяўныя праблемы, затое выразна дэманструе, наколькі супрацоўнікі дзяржаўнага СМІ абыякавыя да тых, для каго нібыта працуюць: вось вам, чытачы, пустое месца, бо і вы для нас – тое самае».

Рубрыка «Карта городских проблем» магла б змяшчаць шмат якія газетныя матэрыялы – прыкладам, толькі за апошнія два тыдні іх можна назваць некалькі: гэта артыкулы пра няякасную прыборку снега, пра тое, што ў горадзе змянілася растаноўка дарожных знакаў і парушэнне ПДР з боку бацькоў, якія няправільна паркуюцца каля школы, калі падвозяць сваіх дзяцей, пра дзікіх птушак, якія зімуюць на Лепельшчыне, і грамадзян, якія іх кормяць неадпаведнымі прадуктамі, пра стварэнне камісіі, без станоўчага рашэння якой у Лепелі могуць зачыніцца прыватныя фітнес-залы, ды і ўвогуле – ці мала нагодаў для крытычных матэрыялаў. А галоўнае – у гэтай рубрыцы можна было б паведамляць чытачам, як вырашана тая ці іншая гарадская праблема. Але тады давядзецца канстатаваць, што нейкія праблемы не вырашаюцца гадамі, а гэта б“е па аўтарытэце мясцовых уладаў...

Два месяцы таму ў газету «Лепельский край» прызначылі новую рэдактарку – Яну Міснік, якая змяніла на гэтай пасадзе шматгадовую кіраўніцу рэдакцыі Святлану Вазняк. Рубрыка «Карта городских проблем» як была пустой, так і застаецца. Ёсць рацыяналізатарская прапанова лепельскіх журналістаў: калі не ведаеце, што апублікаваць у гэтай рубрыцы, распытайце пра гэта сваіх чытачоў. Набярэце і фактуры на крытычныя артыкулы, і людзям дапаможаце, калі з дапамогай газеты нешта ў Лепелі павернецца да лепшага.

Ларыса Шчарбакова