Чацвер, 26 Кастрычнік 2023

Telegram-канал, блізкі да віцебскіх сілавікоў, расказаў гісторыю пра «пакаянне» мясцовага жыхара

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У відэароліку, паказанаму на канале, распавядаецца пра мужчыну, твар якога зрабілі непазнавальным, каторы нібыта прыйшоў у пастарунак, бо «адчуваў за сабой грашок». Сустрэўшыся з міліцыянтамі, ён быццам бы пераканаўся, што «быў на кручку», але ўсё абышлося: з ім правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі. «Калі вы былі актыўныя ў інтэрнэце, наведвалі мітынгі, то прыходзьце ў ГУБАЗ», -- раяць аўтары відэароліка. Гісторыя з «пакаяннем» найхутчэй пастановачная, а вось наступствы «пакаянняў» могуць быць непрадказальныя.

У відэароліку герой распавядае што «хадзіў на мітынгі» і «пакідаў каментары ў інтэрнэце», а потым добраахвотна прыйшоў у міліцыю. Там ён прызнаў, што рабіў «неабдуманыя ўчынкі», пад уплывам «экстрэмісцкіх суполак». Падобна, што тэкст свайго «прызнання» хлопец чытае.

У Telegram-канале раяць добраахвотна прыйсці на прафілактычную гутарку і выдаліць свае каментары. Чамусьці менавіта ў такім парадку, хаця папярэдняе выдаленне каментароў і падпісак на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы зрабіла б візіт да сілавікоў увогуле беспадстаўным. Рэкамендацыі «прыйсці і пакаяцца» нагадваюць «запрашэнні ў камісію па вяртанні», калі вынікамі зваротаў былі суды і крымінальныя пакаранні, а не дараванне былых правінаў. Няма аніякай гарантыі, што пасля «пакаяльнага» візіту ў ГУБАЗ усё скончыцца толькі прафілактычнай гутаркай, а не адміністрацыйнай, а то і крымінальнай справай. А вось падпіскі на «экстрэмісцкія» суполкі і сайты насамрэч варта выдаліць у мэтах асабістай бяспекі. Навіны адтуль чытаць можна, але каментаваць ці рэпосціць – рызыкоўна.

Вольга Дземух