Чацвер, 26 Кастрычнік 2023

Стан дарог, ацяпленне і вулічнае асвятленне непакоіць браслаўчан

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пад час сустрэчы Пад час сустрэчы

Старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Цэха па вытворчасці сыра філіяла Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Галоўнай тэмай сустрэчы была сацыяльная бяспека, піша сайт мясцовай раёнкі.

Кіраўнік Браслаўскага раёна на пачатку сустрэчы заклікаў завадчан быць актыўнымі і прапанаваў весці размову ў фармаце дыялогу, бо вельмі актуальнымі былі тэмы для абмеркавання.

Удзельнікі імпрэзы слухалі і даклад начальніцы ўпраўлення райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіны Каратковай. Яна расказала пра існуючыя ў Беларусі сацыяльныя гарантыі – ільготы і выплаты, пра аспекты пенсійнага забеспячэння і падтрымкі сем'яў, пра сітуацыі на рынку працы.

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Святлана Аляксеева засяродзіла ўвагу прысутных на асноўных напрамках дзейнасці раённай установы аховы здароўя. Гэта павышэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі. Размова ішла аб кадравым патэнцыяле лякарні, яе тэхнічным аснашчэнні, а таксама бягучых пытаннях кшталту вакцынацыі.

Дырэктар "Браслаў-Камунальніка" Сяргей Кулеш вёў размову аб добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў раёна.

Працаўнікі цэха па вытворчасці сыру ў сваю чаргу не былі пасіўнымі слухачамі і актыўна задавалі пытанні, большая частка якіх тычылася сферы ЖКГ. Іх вельмі хвалюе нездавальняючы стан дарог у раёне, праблемы з ацяпленнем і вулічным асвятленнем.

Старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка паабяцаў узяць гэтыя пытанні пад асабісты кантроль. А людзям, як заўжды, застаецца толькі чакаць абяцанага.

Алег Кашын