Аўторак, 24 Кастрычнік 2023

Віцебскіх спартоўцаў агітавалі за «Белую Русь»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Віцебскім дзяржаўным універсітэце правялі правялі так званую «дыялогавую пляцоўку» пад назвай «Мы адзіныя». Сабралі на спартоўцаў розных узроўняў – трэнераў, выкладчыкаў і непасрэдны тых, хто займаецца на Віцебшчыне рознымі відамі спорта. У працы дыялогавай пляцоўкі брылі ўдзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў і  старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Беларускай партыі "Белая Русь", рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова. Спадар Дурноў заявіў, што ў 2020г. беларускае грамадства было кансалідаваным, але яно «перажыла для нас нязвыклы, незразумелы ціск звонку», і што трэба «выпрацоўваць імунітэт ад падобных выпадкаў».

Спартоўцаў усяляк пераконвалі, што яны - «твар краіны», але нават яны не ўстаялі перад ціскам на спартовую галіну, якой «дзяржава шмат дала». На іх імёнах «ворагі» нібыта імкнуліся зрабіць піяр-кампанію.

Паказальна, што размова са спартовай супольнасцю адбылася неўзабаве пасля скандальнага выпадку ў Лепелі: з тамтэйшай спартовай школы звольнілі цэлую сям“ю Паповых – трэнераў па дзюдо і самба. Георгія, Галіну і Аляксея Паповых звольнілі нібыта за прагулы – за 10 сутак аршыту, якія трэнеры адбылі па рашэнні суду, бо ўсіх траіх прызналі вінаватымі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Бацьку, маці і сына асудзілі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП. Яшчэ адзін сын, чэмпіён свету і Еўропы, чэмпіён першых Еўрапейскіх гульняў па самба Сцяпан Папоў, зараз жыве ў замежжы. У 2020г. ён у ліку іншых спартоўцаў  падпісаў адкрыты ліст  з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбараў, і ў лістападзе 2020г. быў звольнены з працы ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі».

Уладзімір Азяркоў