Серада, 18 Кастрычнік 2023

У Лепелі звольнілі цэлую сям’ю «за прагулы»: маці, бацька і сын трапілі «на суткі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Без трэнераў па дзюдо і самба засталіся выхаванцы лепельскага філіялу Віцебскай абласной цэнтральнай школы алімпійскага рэзерву «Богатырь».У Instagram yа старонцы спартовай школы напісана наўпрост: “Усе трэнеры па самба і дзюдо звольнены з 18.10.2023, бо не выходзілі на працу 10 сутак, знаходзячыся ў ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання) за падпіску ў Facebook на інфармацыйныя рэсурсы, якія з 2021г. прызнаны экстрэмісцкімі – ч.2 арт.19.11 КаАП». Такім чынам адміністрацыя ўстановы перакрэсліла ўсе заслугі сям“і Паповых, якая заснавала ўласную школу самба і дзюдо ў Лепелі і ўзгадавала чэмпіёна свету па самба - знакамітага беларускага спартоўца Сцяпана Папова.

Сцяпан Папоў у інтэрв“ю неаднаразова згадваў, што сваімі дасягеннямі ён перадусім абавязаны бацькам – Георгію і Галіне Паповым. У свае 65 і 64 гады яны апынуліся за кратамі на «шконках» без матрацаў па «народным» адміністрацыйным артыкуле. Арышт быў прысуджаны і іх сыну Аляксею, які таксама працаваў трэнерам, працягваючы сямейную традыцыю.

Карэнны жыхар Георгій Папоў у Лепелі – чалавек-легенда: у маладосці ён быў вялікім фанатам самба і дзюдо, але ў райцэнтры не было такіх секцый. Сваю мару ён вырашыў увасобіць у юных выхаванцах: скончыўшы скончыўшы Беларускі дзяржаўны інстытут фізкультуры, ён вярнуўся ў родны горад, трэніраваў дзяцей і падлеткаў і на ўласных «Жыгулях» вазіў іх на спартовыя спаборніцтвы. Яго ініцыятыву ўсяляк падтрымлівала жонка Галіна, таксама спартоўка, з якой Георгій пазнаёмізся падчас навучання ў ВНУ. У Лепелі яна спачатку працавала трэнерам па лыжах, потым пачала займацца самба, выканала разрад майстра спорта і таксама стала трэнерам. Спартоўцамі сталі і абодва сыны Паповых: Аляксей працаваў трэнерам побач з бацькамі, а Сцяпан стаў вядомым самбістам, чэмпіёнам свету і Еўропы, чэмпіёнам першых Еўрапейскіх гульняў па самба. Сцяпан Папоў стаў лаўрэатам публічнага конкурса «Триумф. Героям спорта» па вынікам спаборніцтваў 2015-2016 гг.

18 жніўня 2020 г. ён падпісаў адкрыты ліст прадстаўнікоў беларускай спартовай супольнасці з патрабаваннем прызнаць несапраўднымі вынікі апошніх прэзідэнцкіх выбара, і ў лістападзе 2020г. быў звольнены з працы ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі». Сцяпан Папоў быў вымушаны пакінуць Беларусь, і пераслед бацькоў і брата ён схільны лічыць помстай за сваю грамадскую пазіцыю.

Жыхары Лепеля ўражаныя звальненнем цэлай сям’і, і нягледзячы на палітычныя прычыны звальнення, у каментарах падтрымліваюць Паповых, пішучы «Лучшая секция! Спасибо за всё, уважаемые тренеры!»

Уладзімір Азяркоў