Толькі з'яўляючыся патрыётамі свайго прадпрыемства, краю і сваёй краіны, вы зможаце стаць сапраўднымі кіраўнікамі, дастойнымі грамадзянамі Беларусі. З такім пасылам звярнулася да маладых браслаўчан на сустрэчы з перспектыўным кадравым рэзервам раёна начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі браслаўскага райвыканкама Наталля Спірыдонава.
Паводле чыноўніцы, на Браслаўшчыне моладзі ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага, а самі маладыя людзі з'яўляюцца непасрэднымі і актыўнымі ўдзельнікамі сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага жыцця рэгіёна.
Па словах Спірыдонавай, дзякуючы сумеснай рабоце органаў улады і мясцовага сацыяльна-эканамічнага комплексу Браслаўскі раён упэўнена трымае курс на развіццё турыстычнага і інвестыцыйнага патэнцыялу, стварэнне новых вытворчасцей, годных умоў для працы і адпачынку, удасканаленне інфраструктуры, добраўпарадкаванне тэрыторый.
Толькі вось чыноўніца не распавяла, чаму знізілася колькасць турыстаў і інвестыцый у раёне, чаму моладзь усё ж не затрымліваецца ў такім перспектыўным, паводле яе словаў, краі. Пра такое чыноўнікі зараз не кажуць, бо цяпер для іх важна ўтрымаць у раёне хоць нейкую моладзь, бо перспектывы не радасныя.
“У нашай з вамі працавітасці, адказнасці, любові да Радзімы, у тым ліку да малой, гонару за яе дасягненні і заключаецца пачуццё патрыятызму. Разам з тым патрыятызм грунтуецца і на захаванні традыцый продкаў, шанаванні гераічнага мінулага беларускага народа, дабрыні і міласэрнасці”, - падсумавала галоўны ідэолаг Браслава.
Вось тут нельга не пагадзіцца з чыноўніцай. Сапраўды, патрыятызм грунтуецца на захаванні традыцый продкаў, на дабрыні, міласэрнасці.
Толькі вось цяперашнія ўлады Беларусі ўжо даўна адышлі ад захавання традыцый беларускага народа, яго мовы, культуры, то бок спадчыны. А пра дабрыню і міласэрнасць з боку ўладаў і казаць няма пра што, яны ўжо некалькі год тэрарызуюць сваё грамадства рэпрэсіямі, а краіну ператварылі ў так званы канцлагер.
У кожнага свой патрыятызм. А разумная і перспектыўная моладзь сама разбярэцца з гэтым паняццем.
Ларыса Зорына