Першае, на што звярнулі ўвагу гараджане пасля знаемства з праектам – гэта назва ўстановы: першапачаткова яна называлася «Віцебск», праз некалькі гадоў яе памянялі на рускамоўную «Витебск», і цяперашні праект рэканструкцыі мае яе паўтарыць у рускамоўным варыянце. Але асноўная прэтэнзія гараджан палягае ў тым, што ў гістарычнай частцы горада мае з“явіцца бязлікі гмах «са шкла і граніта».
У тэлеграм-канале «Спадчына» адзін з карыстальнікаў напісаў: «Савецкая гасцініца не ахці якіх мастацкіх вартасцей, але выглядае ў разы цікавей за той гроб, што намалявалі на рэндарах.
Нягледзячы на тое, што будынак размешчаны на тэрыторыі Ніжняга замка, праект зон аховы гістарычнага цэнтра не вызначае яго як дысгарманічны (там проста адсутнічае такая катэгорыя), а ў рэгламентах прапісана толькі, што "дазваляецца рамонт і рэканструкцыя існуючай гістарычнай забудовы, якой не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, без павелічэння вышыні, параметраў будынкаў і змянення характару іх архітэктуры". Але не прапісана, што забараняецца рэканструкцыя без павелічэння вышыні, параметраў будынкаў і змянення характару іх архітэктуры. Рабі, што хочаш. Гасцініцы «Віцебск» сёлета роўна 50 гадоў, а статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можна дамагацца пасля 40 гадоў. Ці азначае гэта, што гасцініца - ужо гістарычная забудова? Вось так і ўродуюць пры поўным спрыянні на ўсіх узроўнях нашыя гарады!»
Таксама ў праекце прапісана, што падчас рэканструкцыі будзе «выдалена» 19 здаровых дрэваў, больш за 100 м. кв. клумбаў і амаль паўтары тысячы м.кв. газона. За кошт гэтага будзе пашырана паркоўка, а замест жывых дрэваў, паводле праекта, з“явяцца дэкаратыўныя расліны у кашпо і вазонах.
Больш падрабязна з прапанаванымі зменамі можна пазнаёміцца ў апісанні праекта на сайце Упраўлення капітальнага будаўніцтва. Гэтая арганізацыя выступае заказчыкам рэканструкцыі.
Гасцініца «Віцебск» з“явілас ў абласным цэнтры ў 1973 годзе, яе збудавалі да святкавання 1000-годдзя горада. Установа мае 200 нумароў, можа адначасова прыняць 270 гасцей і лічыцца самай вялікай у Віцебску.
Вадзім Марозаў