Сумеснай пастановай райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў № 41р ад 16 лютага яны зацвердзілі мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні гарадоў Мёры і Дзісна (самы маленькі горад Беларусі) і тэрыторый сельскіх населеных пунктаў раёна. Летась у іх рамках рэгулярна праводзілі ўборку, садзілі кветкі, касілі газоны, абразалі сухія галіны і фармавалі кроны дрэў, вывозілі сухое лісце. Рэканструявалі абеліск на плошчы Леніна ў райцэнтры. У зонах адпачынку на паўвостраве і Асінаўцы, у Пераброддзі аднавілі малыя архітэктурныя формы. Былі ачышчаныя прыбярэжныя зоны пляжаў, з уборкай воднай акваторыі дапамагалі выратавальнікі.
Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Нікалаёнак заўважыў, што ў склад ЖКГ уваходзіць жыллёвая гаспадарка, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, добраўпарадкаванне і санітарная ачыстка населеных пунктаў, азеляненне гарадоў. Галоўныя задачы на бліжэйшую перспектыву ў гэтым накірунку – цеплавая мадэрнізацыя жылфонду, паляпшэнне якасці пітной вады, укараненне новых падыходаў да абыходжання з бытавымі адходамі, справядлівая тарыфная палітыка, выкарыстанне мясцовых відаў паліва ў цеплаэнергетыцы, удасканаленне структуры ЖКГ.
Паводле чыноўніка, па многіх напрамках работа ўжо вядзецца. Напрыклад, эксплуатуюцца станцыі абезжалезвання ў аграгарадках Ідолта і Павяцце, Туркова. Плануецца ўзвесці міні-станцыі ў Волкаўшчыне, Пераброддзі і Наўгародах.
Жыллёвы фонд, які эксплуатуе УП ЖКГ, налічвае 181 жылы дом агульнай плошчай 116,4 тысячы м2. Паводле ўладаў, штогод яны ладзяць бягучы рамонт, які закранае дахі, замену труб халоднага і гарачага водазабеспячэння, цеплаабменнікаў. Летась, напрыклад, на яго выдаткавалі 22,9 тысячы рублёў.
Сёлета запланаваны значна большыя аб’ёмы – на суму 121,2 тысячы. У тым ліку рамонт жылфонду сумеснага домаўладання, дзяржаўнага жылфонду, інтэрната, а таксама абнаўленне фасадаў будынкаў.
Камунальнікі Мёраў і Дзісны падрэзалі кроны 120 дрэў у райцэнтры і 48-мі ў Дзісне. Сёлета паводле ўладаў на тэрыторыі раёна з’явілася 1 485 новых дрэў і хмызнякоў.
На балансе жыллёва-камунальнай службы і могілкі, іх усяго 172, у тым ліку пяць гарадскіх. Яны рамантуюць агароджы, уладкоўваюць пляцоўкі і ўстанаўліваюць кантэйнеры для збору адходаў, вывозяць яго і выдаляюць аварыйныя і пашкоджаныя дрэвы.
Зімой камунальнікі чысцяць ад снегу і пасыпаюць пясчана-солевай сумессю дарогі, грэйдуюць вуліцы прыватнага сектара.
На абслугоўванні мёрскай камунальнай службы звыш 262 кіламетраў дарог. Некаторыя дарогі патрабуюць рамонту. Летась ямачны рамонт прайшоў на вуліцах Кірава, Кастрычніцкая, Ізварына, Леніна, Верхнядзвінская, а таксама па Юбілейнай і Леніна ў Дзісне. Бягучы рамонт ахапіў вуліцы 350-годдзя Мёр, Свярдлова і Кірава. Адноўлены тратуары на Кастрычніцкай і Я. Томкі.
Камунальнікі абслугоўваюць і 857 асвятляльных прыбораў. Толькі нядаўна з’явілася электразабеспячэнне паркавай зоны ў Дзісне – самым маленькім горадзе Беларусі.
На Мёршчыне працуюць два смеццевых палігоны. Вывыз адходаў прадугледжаны ў 105 населеных пунктах. Забіраюць смецце з 76 кантэйнерных пляцовак. З насельніцтвам заключана амаль 6,5 тысячы дамоваў, гэтая работа працягваецца і надалей. На базе ЖКГ дзейнічаюць лінія па сартаванні смецця і пункты прыёму другасных матэрыяльных рэсурсаў. Улады кажуць, што магчыма здаваць іх у залік аплаты за камунальныя паслугі.
Пад апекай камунальнай службы 17 кацельняў і 45,9 кіламетра цеплавых сетак. Яны зазначаюць, што зніжаюць выдаткі ад страт цеплавой энергіі замена зношаных участкаў на папярэдне ізаляваныя трубы, а таксама цеплаабменнікаў.
Мёрскія ўлады нагадваюць, што па ўсіх праблемных пытаннях у сферы ЖКГ можна звяртацца ў адзіную дыспетчарскую службу на нумар 115. Летась зарэгістравана 3 158 заявак, у тым ліку 879 – на тое, што паслугі аказалі з недахопамі, 147 – на аказанне платных паслуг. Іх колькасць вырасла ў параўнанні з 2021-м годам. Найбольшая доля – 20 % – мае дачыненне да электразабеспячэння, на другім месцы з 14 % пытанні аўтадарог і тратуараў, 10 % – наконт каналізацыі. Згодна з аналізам, 59 зваротаў выканалі з пратэрміноўкай, 40 адпраўлены на дапрацоўку.
І калі ўлады сёлета знізілі ўдвая выдаткі на добраўпарадкаванне гарадоў і вёсак, то невядома, ці будуць выкананыя ўсе планы на гэты год і задаволеныя звароты грамадзян. Улады ўжо зараз кажуць, што самі жыхары гарадоў і вёсак павінны прыкладаць больш намаганняў па добраўпарадкаванні сваіх населеных пунктаў, то бок даецца пасыл людзям, каб больш спадзяваліся не на іх, а на свае сілы.
Паліна Крывіч