Чацвер, 29 Чэрвень 2023

Намеснік прэм’ер-міністра не пажадаў «адказваць за мову»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Сівак правёў асабісты прыём грамадзян у Віцебску. Паводле гарадской газеты «Витьбичи», на прыём да яго запісаліся 5 чалавек, з якімі ён размаўляў некалькі гадзін. Але ніводнага пытання дзяржаўны чыноўнік так і не вырашыў. Затое адзначыў, што «усе пытанні былі цікавымі», але «мала адрозніваліся ад тых, што задаюць у іншых рэгіёнах».

Паколькі падобныя пытанні існуюць практычна паўсюль, цікава прааналізаваць, на якія праблемы мясцовыя жыхары скардзіліся намесніку прэм“ер-міністра. Выглядае, што ўсе яны мусілі б вырашацца з дапамогай дэпутатаў мясцовых саветаў або выканкамаў. Прыкладам, жыхары вуліцы Арэхаўскай незадаволены адсутнасцю вадаправода і каналізацыі, праблема з вадой існуе і ў вёсцы Пушкі Віцебскага раёну. Таксама намесніка міністра прасілі паспрыяць паляпшэнню працы ЖКГ, вырашыць лёсы безгаспадарчых пабудоў ды пашырыць спіс ільготаў для карыстальнікаў грамадскага транспарту. Дарэчы, побач з намеснікам прэм“ер-міністра на прыёме прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовых уладаў, якім, падобна, жыхары Віцебску проста не давяраюць – калі ўжо нават на адсутнасць вады ў вёсцы ідуць скардзіцца прадстаўніку найвышэйшага органа выканаўчай улады...

Адзінае пытанне, якое выбівалася са стандартнага шэрагу, паставіла перад Анатолем Сіваком жыхарка Віцебску спадарыня Ірэна. Яе хвалюе засілле назваў на замежных мовах у Беларусі, і жанчына прапанавала нейкім чынам стандартызаваць выкарыстанне моваў у рэкламе з ухілам да беларускай. «Бо мы жывём у Беларусі», - цытуе заяўніцу газета «Витьбичи». І тут жа падае адказ намесніка прэм“ер-міністра, які з вырашэннем гэтага пытання «дапамагчы не можа», і нават не згодны з ім «у плане пастаноўкі».

Прасцей, вядома, даць даручэнне старшыні выканкаму Віцебскага раёну і прадпрыемству «Віцебскводаканал», каб наладзілі падачу вады ў вёску Пушкі. Толькі ці варта было дзеля гэтага прыязджаць з Мінску і ладзіць прыёмы грамадзян, калі такія ж пытанні ёсць у кожным рэгіёне, і яны лёгка вырашаюцца на месцы?

Станіслаў Іваноўскі