Субота, 03 Чэрвень 2023

Рамонт сельскіх дарог, брудныя аўтобусы, пытанні лячэння родных

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра такія надзённыя праблемы распавядалі жыхары Докшыцкага раёна на асабістым прыемё ў Андрэйчанкі. Як мы ўжо адзначалі, у Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах напярэдадні выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў пачалі піярыць цяперашняга яго кіраўніка. Бо ён ужо каторы раз запар “абіраецца” менавіта па Докшыцкай выбарчай акрузе, куды ўваходзіць і Глыбоцкі раён.

Уладзімір Андрэйчанка чарговы раз у Докшыцах правёў асабісты прыём грамадзян. Яны звярнуліся да яго, як заўжды, з набалелымі пытаннямі рамонту дарог у сельскай мясцовасці, з пытаннямі лячэння і транспартных паслуг.

Жыхары вёскі Літоўцы казалі пра тое, каб зрабілі рамонт дарогі ў іх населеным пункце, за якую адказваюць раённыя камунальныя службы.

Не задаволены станам дарогі і жыхары вёскі Загалоўе, дзе цяжкія лесавозы разбілі дарожнае палатно.

Двое жыхароў Докшыц прасілі садзейнічання ў лячэнні сваіх родных, якім трэба будзе хірургічная аперацыя ў сталічных установах аховы здароўя. Што выяўляе недахоп кваліфікаваных медыкаў у невялікіх гарадах і мястэчках.

Зварот жыхаркі Бягомля тычыўся водазабеспячэння шматкватэрнага дома, дзе адзін уласнік не дае згоду на ўстаноўку вадаправода. Жыхары цікавіліся, як можна вырашыць пытанне ў інтарэсах большасці.

Яшчэ адну докшычанку хвалявала пытанне налічэння балаў за цэнтралізаваны іспыт, які здавала яе дачка. Яна адзначыла, што атрыманы вынік паўплывае на канчатковы сярэдні бал атэстата дзяўчынкі, якая ішла на медаль.

Гэтае пытанне, як аказалася, сёлета выклікала шмат абурэнняў і ў іншых беларусаў і закранула шматлікіх выпускнікоў школ.

Добраўпарадкаванне вясковых могілак, абкос участкаў закінутых дамоў, нездавальняючы стан сельскіх аўтобусаў, дзе пасажыры вымушаны ездзіць на брудных сядзеннях, а таксама пытанне абсталявання безбар'ернага асяроддзя ў інтэрнаце. Вось яшчэ шэраг пытанняў, якія турбуюць жыхароў Докшыцкага раёна.

Але каб хоць адзін чыноўнік праехаўся б у брудным сельскім аўтобусе па разбітай мясцовай дарозе, то наўрад ці б давялося тады хадзіць людзям на паклон да прадстаўнікоў улады. Яны б самі адчулі ўсе гэтыя нязручнасці і пачалі рабіць штосьці.

Толькі высь высокія чыноўнікі і сілавікі ў Беларусі ездзяць на дарагіх іншамарках, лякуюцца ў пабудаваных для іх асобных медычных установах і едзяць па іншых дарогах. А іх дзеці, вядома, паступаюць у ВУЗы без праблем, і ім не трэба думаць пра неадназначнае налічэнне балаў за ЦТ.

Фёдар Шчукін