Чацвер, 18 Май 2023

Ідэолагі раіліся, як супрацьстаяць «ідэалагічнай атацы, якая вядзецца на Беларусь ужо 30 гадоў»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці па ініцыятыве праўладнага грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» прайшоў «круглы стол» на тэму «Інфармацыйная бяспека». У якасці экспертаў былі запрошаны сталічныя журналісты Ксенія Лебедзева, Станіслаў Яскевіч і Юлія Арцюх. Што такога здарылася ў сусветнай палітыцы ў 1993 годзе, ні госці, ні ініцыятары імпрэзы не ўдакладнілі. Але пра ідэалагічныя атакі гаварылася шмат, прычым арганізатары былі вымушаны прызнаць, што ў 2020 годзе ні ўлады, ні праўладныя грамадскія структуры не здолелі кіраваць грамадствам, саступіўшы «ідэалагічным апанентам».

На думку ўдзельнікаў «круглага стала», заходнія паліттэхнолагі ствараюць фэйкавыя навіны, з дапамогай якіх дэстабілізуюць абстаноўку ў краіне. Падчас імпрэзы было вырашана «працаваць на апярэджанне», каб «паспяхова супрацьстаяць у татальнай інфармацыйнай вайне, развязанай Захадам» супраць Беларусі.

Можна было б чакаць, што супрацоўнікі дзяржаўных СМІ распачнуць палеміку з «апазіцыйнымі» медыямі або развянчаюць усе «фэйкі», нібыта створаныя «моцнымі інстытутамі калектыўнага Захаду». Аднак гэтага ад ад журналістаў на дзяржаўнай службе ўжо даўно ніхто не патрабуе. Іхных апанентаў ўлады проста знішчылі, ліквідаваўшы ўсю недзяржаўную прэсу і абвясціўшы «экстрэмісцкімі» сотні інфармацыйных рэсурсаў, якія неслі людзям аб’ектыўную інфармацыю. Цяпер чытачам і гледачам прапануюць выключна такія навіны, якія сведчаць пра эканамічны і сацыяльны росквіт у сучаснай Беларусі. Але ім мала хто верыць, жывучы ў рэальнасці, а не ў ідэалізаванай інфармацыйнай прасторы.

Станіслаў Іваноўскі