Спаборніцтвы першага Усесаюзнага фіналу камсамольскай ваенна-спартыўнай гульні "Арляня" адбыліся ў ліпені 1974 года ў сталіцы Мінску.
Як і «Зарніца», дадзеная ваенна-спартыўная гульня ўяўляла сабой імітацыю баявых дзеянняў, падобную на ваенныя вучэнні. У ходзе гульні ўдзельнікі спаборнічалі паміж сабой у сіле, спрыце, цягавітасці на спартыўных пляцоўках, у веданні тэорыі ваеннай справы, гісторыі Савецкай Арміі, змагаліся за перамогу ў ваенна-прыкладных відах спорту з гульнявымі элементамі, удзельнічалі ў аглядзе строю і песні, тактычных занятках на мясцовасці.
Гэтая ваенізаваная гульня спыніла сваё існаванне з распадам Савецкага Саюза. Але ў Беларусі яе вырашылі аднавіць і масава ўкараніць сярод школьніцтва яшчэ год таму.
На Глыбоччыне ў сярэдзіне мая прайшоў раённы этап гэтай гульні, у ёй удзельнічала 10 каманд са школ горада і раёна.
Школьнікі спаборнічалі ў пераадоленні паласы перашкод, ва ўзроўні медыцынскіх ведаў, удзельнічалі ў інтэлектуальным, а таксама конкурсах строю і песні, баявога лістка, прыгатавання ежы на вогнішчы, мастацкай самадзейнасці. А таксама праходзіў конкурс “Трапны стрэлак”.
Як бачна, улады Беларусі і надалей рыхтуюць моладзь да магчымых баявых дзеянняў, бо тэма вайны зараз стала ў краіне прыярытэтнай. Нават у яе ўмоўна прымушаюць гуляць маладое пакаленне – школьнікаў 8-11 класаў.
Інга Сташэўская