Нядзеля, 26 Сакавік 2023

На Вушаччыне запалохваюць пакараннямі за «падпіску на экстрэмісцкія каналы»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праз раённую газету «Патрыет» начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Вушацкага РАУС Аляксей Антуновіч нагадвае чытачам, што крымінальную адказнасць цягне за сабой падпіска на экстрэмісцкія каналы і чаты, якія маюць статус экстрэмісцкага фарміравання. Санкцыя адпаведнага артыкула (361-1) КК прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Таму супрацоўнік МУС раіць перагледзець свае падпіскі і выдаліць «ненадзейныя». І хаця ў пачатку артыкула жыхароў Вушаччыны страшаць і адміністрацыйнымі пакараннямі з падпіску на каналы з экстрэмісцкімі матэрыяламі, спадар Антуновіч ніжэй тлумачыць, што толькі за падпіску «пакуль не караюць».

Але інтэрнэт- карыстальнік можа быць прыцягнуты да адказнасці, калі аказвае падтрымку ў папулярызацыі канала, інакш кажучы, рэпосціць матэрыялы, пералічвае грошы, «залівае» туды інфармацыю. У якасці спагнання для фізічнай асобы ў такім разе прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь, грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт, да індывідуальнага прадпрымальніка сума штрафу павялічваецца да 50-100 базавых, юрыдычнай асобы – 100-500. Ва ўсіх выпадках можа быць таксама канфіскаваны прылады і сродкі здзяйснення названага парушэння.

Са спісам матэрыялаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, можна азнаёміцца ў асобным раздзеле сайта Міністэрства ўнутраных спраў, піша «раёнка». Дарэчы, у гэтым спісе няма ніводнага ўласна Вушацкага інтэрнэт-рэсурса. Таму запалохванні пакараннямі маюць самы агульны змест.

Лявон Каляда