На сайце Палаты Прадстаўнікоў сцвярджаецца, што "ў мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве" праектам Закона прапануецца занясенне змен у санкцыю часткі 2 артыкула 356 КК, якія прадугледжваюць магчымасць ужывання выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, што займае дзяржаўную пасаду, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца.
У артыкул 369-1 КК уносяць дадатак у мэтах вызначэння адказнасці за распаўсюд свядома непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Узброеныя Сілы, іншыя войскі і вайсковыя фармаванні, ваенізаваныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь.
"Увядзенне такой прававой нормы будзе з'яўляцца дзейснай прэвентыўнай мерай распаўсюду свядома непраўдзівай неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыі пра беларускае войска і іншыя «сілавыя структуры»", — лічуць дэпутаты.
Прапануецца ўвесці ў Крымінальны кодэкс артыкул "Прапаганда тэрарызму" і "Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржсакрэтаў", "бо вызначэнне крымінальнай адказнасці за прапаганду тэрарызму будзе спрыяць прадухіленню распаўсюду інфармацыі, якая рэабілітуе тэрарызм, і недапушчэнню прызнання практыкі і ідэалогіі тэрарызму як правільных і годных падтрымкі мадэляў паводзін".
Штраф за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, грамадскай бяспекі, бяспекі руху, здароўя насельніцтва і дзяржавы павялічваецца да максімальных 50 тысяч базавых велічынь, цяпер гэта 1 850 000 рублёў (каля 621 тысячы еўра).
Чалавека, якога падазраюць у здрадзе дзяржаве, змове з мэтай захопу ўлады, шпіянажы, тэрарызме ці дыверсіі, змогуць затрымліваць паводле падазрэння на тэрмін да 10 сутак, а абвінавачванне выстаўляць на працягу 20 сутак. На думку дэпутатаў, "гэта выклікана тым, што часцяком па гэтых складах злачынстваў, акрамя працэсуальнага замацавання доказаў, на пачатковай стадыі актыўна праводзяцца аператыўна-следчыя камбінацыі, на правядзенне якіх 72 гадзінаў затрымання бывае недастаткова".
Улады лічуць, што прыняцце праекта Закона дазволіць больш дзейсна рэалізоўваць комплекс захадаў, скіраваных на выяўленне і процідзеянне экстрэмісцкім і тэрарыстычным структурам, а таксама спробам замежных спецслужбаў і арганізацый залучыць беларускіх грамадзян у дзейнасць, накіраваную на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
На думку праваабаронцаў, новыя нормы ставяць пад пагрозу выкананне міжнародных абавязальніцтваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, закранаюць права на жыццё і свабоду выказвання меркаванняў.
Ірына Дзянісава