Ствараючы апытанку пра тое, ці гатовыя жыхары Гарадка дапамагаць ва ўборцы снегу, супрацоўнікі «раёнкі» найхутчэй спадзяваліся атрымаць станоўчыя адказы. І такім чынам змясціць акцэнты ў аналізе наяўнай праблемы: маўляў, неістотна, што сістэма ЖКГ не спраўляецца з наступствамі вядомай сезоннай з’явы, але важна, каб мясцовыя жыхары праявілі бясплатны працоўны энтузіязм і зрабілі працу дворнікаў, якіх бракуе не толькі ў Гарадку, але і па ўсёй Віцебшчыне. Аднак нават з нешматлікай колькасці ўдзельнікаў апытання толькі 20% пагадзіліся, што снег у сваіх дварах і на аўтастаянках мусяць расчышчаць самі мясцовыя жыхары. 80% выказаліся супраць такога дармовага выкарыстання іхнай працоўнай сілы.
Між тым, у Гарадку шукаюць ахвотных заняць пасаду дворніка ці прыбіральшчыка службовых памяшканняў з акладам 280 рублёў. Але людзі не хочуць працаваць за такія малыя грошы. Зрэшты, няма ахвотных і на вакансію кіроўцы бульдозера за абяцаныя 1 500 рублёў на месяц, у абавязкі якога ўваходзіць расчыстка тэрыторыі ад смецця і снегу.
Днямі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў адказных службоўцаў за кепскі стан дарог, у тым ліку і за кепскую расчыстку снегу па ўсёй Беларусі і нават у Менску. Але адразу папярэдзіў: « Чысціць снег улады не павінны. Людзі мусяць гэта рабіць. Але арганізаваць павінны мы». Таму варта чакаць, што найбліжэйшым часам у жыхароў Гарадка ці іншых рэгіёнаў ніхто нават не стане пытацца, ці хочуць яны рабіць працу за дворнікаў, якіх папросту няма, бо сістэма ЖКГ развальваецца на вачох.
Лявон Каляда