Падчас сустрэчы старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Субоцін падзяліўся сакрэтам аб тым, што неафіцыйныя кантакты паміж Віцебшчынай і Крымам не перарываліся ніколі – ні палітычныя, ні эканамічныя кантакты.
24 траўня бакі абмеркавалі канкрэтныя магчымасці па развіццю супрацы на ўзроўні органаў мясцовай улады, паміж дзяржаўнымі прадпрыемствамі і прыватным бізнесам. Былі ўхваленыя канкрэтныя праекты ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, турызме, вялося пра сумеснае выкарыстанне партовай інфраструктуры Крыму.
Дамовіліся нават пра тое, што дэлегацыя з Крыму возьме ўдзел у «Славянскім базары ў Віцебску – 2022».
Анексаваны Крым – «дэпрэсіўны рэгіён»
Але аналітыкі адзначаюць, што «ў гэтым візіце было больш палітыкі, чым эканомікі». На іх думку, анексаваны Крым – гэты дэпрэсіўны рэгіён, які не зможа нават часткова замяніць экспарт прадукцыі віцебскіх прадпрыемстваў, якая масава пастаўлялася да пачатку вайны паміж Расеяй і Украінай еўрапейскім партнёрам і спажыўцам. Крымскі бюджэт у бліжэйшыя тры гады будзе дэфіцытным. Выдаткі перавысяць прыбыткі амаль на 3 млрд расейскіх рублёў.
Ідзе восьмы год анексіі. Але крымскія ўлады так і не здолелі стварыць бюджэт развіцця і па-ранейшаму залежаць ад федэральных датацыяў з Расеі. Як сцвярджаюць эканамісты, у 2022 годзе Крым абыдзецца расейскім падаткаплацельшчыкам у 200 млрд рублёў, гэта значыць 80% усіх прыбыткаў крымскія ўлады атрымаюць у выглядзе бязвыплатных уліванняў з суседняй Расеі.
Завозіць прадукцыю з Віцебскай вобласці ў бедны крымскі рэгіён – гэта занадта далёка і стратна. Бадай усе прыбыткі пойдуць па пакрыццё выдаткаў на лагістыку. Бо адлегласць ад Віцебску да паўвыспы складае 2 тыс кіламетраў, там жыве 1,9 млн. чалавек з сярэднім заробкам каля 500 долараў.
Турызм і «Славянскі базар»
З турызмам таксама маецца праблема. Праз вайну асцярожныя беларускія турысты не хочуць рызыкаваць сваім адпачынкам на тэрыторыі Крыму, які ў любы момант можа стаць зонай баявых дзеянняў. Калі і можна будзе разлічваць на ажыўленні турыстычнага бізнесу, то толькі тады, калі ў рэгіёне запануе спакой.
У выпадку, калі на песенны фестываль прыедзе дэлегацыя крымскіх артыстаў, то з яго назвы можна смела выкрасліць слова «Славянскі». Праз вайну ў фэсце не будуць удзельнічаць майстры мастацтваў з Украіны, а таксама артысты з іншых еўрапейскіх краін, у тым ліку славянскіх. Так званы «Славянскі базар» мае ператварыцца ў рэгіянальную тусоўку эстрадных выканаўцаў Беларусі і Расеі, прычым выканаўцаў другога ці нават трэцяга шэрагу.
Руслан Нічай