Выстава экспануецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. Яна распавядае пра падзеі мінулай вайны на тэрыторыі ўсёй Беларусі і ўключае шэраг візуальных матэрыялаў, прысвечаных менавіта Віцебшчыне. Гэта экспанаты з фондаў абласнога краязнаўчага музею: пісьмы, фотаздымкі, газетныя матэрыялы, успаміны вязняў канцэнтрацыйнага лагеру «5-ты полк», што быў размешчаны пад Віцебскам.
«На выставе прадстаўлены не вядомыя раней сведчанні зверстваў акупантаў. Такая экспазіцыі патрэбная перадусім маладому пакаленню, якое павінна ведаць, які лёс рыхтавалі фашысты беларускаму народу. Асноўную частку насельніцтва яны планавалі знішчыць, а астатніх зрабіць рабамі для абслугоўвання арыйскай нацыі», – сказаў падчас адкрыцця выставы старшыня абласнога Савету дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, якога працытавала газета « Витебские вести».
Чаму ў экспазіцыю трапілі здымкі пратэстаў супраць вынікаў апошніх прэзідэнцкіх выбараў, стваральнікі экспазіцыі не патлумачылі, але іх памкненне ачарніць беларускую нацыянальную сімволіку ў дадзеным выпадку відавочнае. Менавіта пратэсты жніўня-верасня 2020-га году выразна прадэманстравалі прыхільнасць да бел-чырвона-белага сцяга соцень тысяч беларусаў, якія прагнуць пераменаў у роднай краіне. Цяпер іх спрабуюць пераканаць, што гэта «фашыстоўская сімволіка», хаця такі падыход з’яўляецца глыбока антынавуковым, бо гісторыя беларускіх нацыянальных сімвалаў пачалася задоўга да 1941-га году, калі Віцебск апынуўся пад акупацыяй. І спроба звязаць бел-чырвона-белы сцяг з фактамі генацыду беларускага народу разлічана хіба што на маладасведчаных людзей, якія не цікавяцца мінулым сваёй дзяржавы, і куды больш давяраюць ідэолагам, чымсьці навукоўцам.
Паказальна, што сёлета музейныя работнікі асабліва шчыруюць над тэмай генацыду, бо 2020-ты год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. У Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі таксама падрыхтавалі выставу падобнай тэматыкі – «Прыдзвінскі край і фашыстоўскае рабства». На ёй прадстаўлены вынікі вельмі карыснай і патрэбнай супольнай працы супрацоўнікаў музею і вучняў мясцовай сярэдняй школы, якія сабралі ўспаміны мясцовых жыхароў, гвалтам угнаных у Нямеччыну ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Аднак анонс выставы сведчыць пра тое, што галоўная мэта стваральнікаў – гэта не жаданне надаць публічнасць важным гістарычным фактам, а спроба навязаць сучаснікам погляд на тое, што «на Западных рубежах страны назревает агрессивный т.н. «Новый порядок», похожий на тот, который пытались навязать в далёком 41-м фашистские оккупанты ». Відавочна, што стварэнне падобных выставаў – гэта ідэалагічная замова, якая мае на мэце запалохванне сучаснікаў і дыскрэдытацыю любых памкненняў да пераменаў у грамадстве.
Аркадзь Васевіч