5 ліпеня жыхар аграгарадку Копці 25-гадовы Ўладзімер Мішурны разам са сваім братам-школьнікам Кірылам у лясным масіве паблізу населенага пункту шукалі мэтал, які за часамі савецкай безгаспадарчасьці папаў у прылеглыя да вёскі лясы. Кавалак мэталу, які вытыркаўся зь зямлі, змусіў узяцца за рыдлёўку. Неўзабаве прыблізна на глыбіні паўмэтра хлопцы натрапілі на чалавечыя парэшткі і прадметы часоў мінулай вайны: мэталёвыя аскепкі, гільзы, кулі. Між іншым знайшлі брытву з надпісам і мэдаль «За адвагу» № 647144.
Стаўлю сябе на месца хлопцаў і разумею, што спыніцца ў гэткай сытуацыі і не працягваць далей раскопак, таму што тое забараняе закон, папросту было нерэальна. Бо трэба ўлічваць, што вучняў Капцянскай школы з малодшых клясаў настаўнікі прывучаюць даглядаць вядомы на ўвесь Віцебскі раён вайсковы мэмарыял, разьмешчаны ў вёсцы; бяруць дзеці ўдзел і ва ўсіх мерапрыемствах, зьвязаных з перапахаваньнем знойдзеных у ваколіцах парэшткаў воінаў.
У той жа дзень пра сваю знаходку браты паведамілі аднавяскоўцу, вэтэрану вайны Віктару Цярэшчанку. Яму ж яны перадалі і мэдаль з індывідуальным нумарам. Перапоўненыя ўражаньнямі ад знойдзенага і ўбачанага, хлопцы прапанавалі спадару Цярэшчанку перанесьці парэшткі невядомых воінаў зь лесу і пахаваць на воінскім мэмарыяле імя Ленінскага камсамолу, якім той апякуецца. Вэтэран даў згоду.
Праз пару месяцаў, 8 верасьня (сьвяточнае мерапрыемства адклалі да таго часу, як паводле матэрыяльных сьведчаньняў супрацоўнікі аблваенкамату высьветляць прозьвішчы загінулых), на воінскім мэмарыяле ў вузкім коле адбылося пахаваньне двух невядомых салдат, знойдзеных хлопцамі.
10 верасьня пра ўзгаданыя вышэй падзеі ў газэце «СБ – Беларусь сегодня» была апублікаваная нататка Віктара Цярэшчанкі «Адно прозьвішча і нумар на дваіх». Пасьля на сустрэчы зь міністрам абароны краіны ветэран вайны Цярэшчанка таксама згадаў пра знаходку братоў Мішурных. Міністар станоўча ацаніў гэтую падзею і выказаў хлопцам пісьмовую падзяку за вяртаньне зь нябыту, як мінімум, яшчэ аднаго імя загінулага воіна.
Але тым часам «пільнае вока» раённага ідэоляга ў дзеяннях Уладзімера і Кірыла Мішурных заўважыла прыкметы парушэньня артыкулу 19.7 адміністрацыйнага кодэксу (парушэньне парадку ўскрыцця вайсковых пахаваньняў альбо правядзеньня пошукавых работ у месцах, дзе вяліся баявыя дзеяньні ці зьдзяйсьняліся карныя акцыі). Санкцыя гэтага артыкулу прадугледжвае накладаньне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь.
Для праверкі праўдзівасьці факту правядзеньня пошукавых работ і высьвятленьня акалічнасьцяў справы быў зроблены выезд на месца камісіі ў складзе ўчастковага інспэктара інспэкцыі па справах непаўнагадовых Дзяніса Медзьвядзіцкага, раённага ідэоляга Марыны Здольнікавай і намесьніка старшыні выканаўчага камітэту Віцебскага раёну Ксеніі Карабач. Па выніках праведзенай праверкі начальнікам аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага райвыканкаму спадарыняй Здольнікавай быў складзены пратакол №1 (ці ня першы за ўвесь час?).
А празь некалькі дзён адміністрацыйная камісія Віцебскага раённага выканаўчага камітэту пад кіраўніцтвам старшыні камісіі Казловай Д.Н. «на падставе артыкулу 3.1 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, разгледзеўшы матэрыялы справы, ня выявіла аніякіх акалічнасьцяў, якія б зьмякчалі альбо абцяжарвалі адміністрацыйнае правапарушэньне», і наклала на Ўладзімера Мішурнага адміністрацыйнае спагнаньне ў памеры 10 базавых велічынь (адзін мільён васемсот тысяч рублёў).
Кажа Ўладзімер Мішурны: «Закон, вядома, ёсьць закон, але я не лічу сябе вінаватым. Па-чалавечы, несправядліва гэта. За зробленае намі ня штраф трэба даваць, а прэмію. Да таго ж я не раскопкі зьдзяйсьняў, а мэтал зьбіраў. І на парэшткі мы зусім выпадкова натрапілі».
Пры ўсёй павазе да закону, у гэтым канкрэтным выпадку немагчыма пагадзіцца з адпаведнасьцю накладзенага пакараньня зьдзейсьненаму. Калі ж параўнаць гэты факт з тым узроўнем марадэрства, якое чынілася на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў на месцы масавых пахаваньняў у лесе ля вёскі Хайсы, дзе невядомыя ўскрылі некалькі дзесяткаў магіл, то і наогул да кіраўніцтва раёну ўзьнікае шмат даволі вострых пытаньняў.
Капцянскія хлопцы, выхаваныя ў духу патрыятызму, за сваю павагу да мінулага атрымоўваюць штраф, а пошукам злачынцаў-марадэраў, што перакапалі паўлесу пад Хайсамі, не цікавяцца ані мясцовая ўлада, ані мясцовая міліцыя. Дзіўнае стаўленьне да закону, якое не паддаецца здаровай лёгіцы.
С. Горкі, Віцебская вясна