Панядзелак, 21 Жнівень 2017

Лукашэнка ў часе візыту на Аршаншчыну: Трэба кіраваць «сталінскімі мэтадамі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Лукашэнка, Ёсіф Сталін Аляксандар Лукашэнка, Ёсіф Сталін

Аляксандар Лукашэнка параўнаў даходнасьць ад ільнаводзтва з рэнтабэльнасьцю ад здабычы і продажу нафты і даручыў кіраваць ў ільняной галіне «сталінскімі мэтадамі». Кіраўнік Беларусі наведаў 19 жніўня Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Вусьце» Нацыянальнай акадэміі навук у Аршанскім раёне.

Паводле прэсавай службы прэзыдэнта, Лукашэнка прыехаў на поле, каб асабіста дазнацца пра ўсе тэхналягічныя працэсы і разабрацца, чаго не хапае, каб вырошчваньне льну было дастаткова эфэктыўным і прыносіла добры прыбытак.

Дырэктар Інстытуту льну НАН Беларусі Іван Голуб паінфармаваў кіраўніка дзяржавы, што рэнтабэльнасьць вытворчасьці льну даходзіць да 70%. «У найлепшыя часы нафта такую рэнтабэльнасьць давала. І яны ходзяць яшчэ, просяць, – заявіў на полі Лукашэнка. – Калі мы навучым гаспадаркі сеяць і вось такім чынам апрацоўваць лён, яны самі будуць у гэтым зацікаўленыя».

Лукашэнка пацікавіўся ў Голуба, якія праблемы замінаюць павысіць эфэктыўнасьць ільнаводзтва. Паводле словаў кіраўніка інстытута, гэта пераважна невыкананьне тэхналёгіяў. Месцамі таксама адчуваецца брак тэхнікі і кваліфікаваных мэханізатараў. Паводле Голуба, галіне не хапае прыблізна 40 камбайнаў агульным коштам каля 8 мільёнаў даляраў.

«Значыць, трэба знайсьці 10 мільёнаў даляраў, купіць камбайны і скончыць размовы пра церабленьне лёну. Стварай камісію, праводзьце тэндэр. Чым большы аб’ём, тым таньней», – загадаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да намесьніка прэм’ер-міністра Міхаіла Русага.

А зьвярнуўшыся да дырэктара Інстытуту лёну Івана Голуба, Лукашэнка заявіў: «Ты павінен кіраваць сталінскімі мэтадамі. Сказаў – зрабілі».

svaboda.org