Нагодай для праверкі паслужыла невыкананьне арганізацыяй цягам апошніх гадоў даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і значныя страты. Напрыклад, тэмп росту раздробнага тавараабароту за 2016 год склаў 87% пры даведзеным аблспажыўсаюзам заданьні 102%, за першае паўгодзьдзе 2017 году – 50,6% пры заданьні 101%. Страты па выніках працы склалі адпаведна 1,2 мільёну і 438 тысяч рублёў.
У шэрагу крамаў адсутнічалі ў продажы тавары першай неабходнасьці: кісламалочная прадукцыя, яйкі, макароны айчынных вытворцаў, кава, мыла гаспадарчае і шэраг іншых тавараў. Прыём наяўных грашовых сродкаў і выкарыстаньне выручкі, якая паступіла ў касу, ажыцьцяўляліся з парушэньнем вызначанага парадку.
Таксама пры закупцы ў насельніцтва лому і адходаў чорных мэталаў нарыхтоўшчыкам другаснай сыравіны ў адпаведных ведамасьцях пазначаліся фальшывыя зьвесткі пра здатчыкаў. Мэталалом, які належаў юрыдычнай асобе, прымаўся як ад фізычнай асобы, што спрычынілася да залішняй выплаты грашовых сродкаў. Мелі месца парушэньні парадку вядзеньня бухгальтарскага ўліку і скажэньня дадзеных дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці.
Неаднаразова дапускалася наяўнасьць пратэрмінаванай запазычанасьці за пастаўленыя алькагольныя напоі. Пры гэтым кіраўніцтвам Аршанскага райспажыўтаварыства пастановы эканамічных судоў аб спагнаньні крэдыторскай запазычанасьці пры наяўнай магчымасьці не выконваліся. За наўмыснае ўхіленьне ад пагашэньня крэдыторскай запазычанасьці па пастановах суду, якія набылі законную моц, у дачыненьні да вінаватых асобаў распачата 13 крымінальных справаў. Таксама па выніках праверкі 17 чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці, 28 – да дысцыплінарнай.
Вольга Багачова, http://www.belta.by/