Літаральна праз пару дзён пасьля прызначэньня зь імем Леаніда Пянькоўскага быў зьвязаны скандал. На пасаду чыноўнік быў прызначаны 12 траўня і прыкладна праз тыдзень загадкава зьнік – перастаў хадзіць на працу, не адгукаўся на тэлефанаваньні. Потым зьявілася інфармацыя, што Пянькоўскага знайшлі ў доме ягонага сваяка, прычым сілавікі мусілі ўзяць дом штурмам.
Тады ж было абвешчана, што чыноўнік «знаходзіўся ў хваравітым стане». Што хавалася за гэтымі словамі, ніхто не патлумачыў, таму жыхары Аршаншчыны мусілі задавольвацца чуткамі. А галоўныя вэрсіі былі дзьве: або новапрызначаны старшыня злоўжывае алькаголем, або ён замешаны ў карупцыйных схемах і хаваецца ад адказнасьці.
Гэтыя чуткі дагэтуль не пацьверджаныя і не зьняпраўджаныя. Адносна новага працаўладкаваньня Леаніда Пянькоўскага афіцыйныя крыніцы не паведамляюць.
Травеньскае ўварваньне сілавікоў у дом сваякоў Леаніда Пянькоўскага было асуджанае Аляксандрам Лукашэнкам. Найперш таму, што зь ім гэта не было ўзгоднена. Лукашэнка сказаў:
«Хто даў права да чалавека, узгодненага на прызначэньне прэзыдэнтам, урывацца ў дом? Бо для таго, каб праваахоўнікі вялі расьсьледаваньні адносна чалавека, які ўваходзіць у кадравы рэестар прэзыдэнта, трэба згода прэзыдэнта!»
Словы абурэньня Аляксандра Лукашэнкі працытавалі дзяржаўныя СМІ.
Што да Аляксандра Пазьняка, то дагэтуль ён займаў пасаду памочніка прэзыдэнта – інспэктара па Віцебскай вобласьці.
БС, svaboda.org