Аўторак, 01 Снежань 2015

Кіраўніца аршанскага ідэалягічнага аддзелу ўбачыла ў арнамэнце бел-чырвона-белы сьцяг і загадала яго прыбраць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гледачы канцэрту, прысьвечанага 85-м угодкам Уладзімера Караткевіча, магчыма, нічога і не заўважылі. Бо да самага пачатку іх не пускалі ў залю, пакуль мянялі афармленьне сцэны, адмыслова зробленае да юбілею пісьменьніка-земляка.

Загадчыца раённага аддзелу ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі Ганна Сьвятлова ўбачыла ў афармленьні сцэны традыцыйны арнамэнт, намаляваны чырвонай фарбай на белым фоне. І заявіла, што здалёк гэта можна прыняць за «апазыцыйны» бел-чырвона-белы сьцяг. Тэхнічныя работнікі гарадзкога цэнтру культуры мусілі выконваць тэрміновы загад – завешваць арнамэнт стылізаванымі ручнікамі. Але былі настолькі зьдзіўленыя, што не маглі не падзяліцца ўражаньнямі са сваімі знаёмымі. І цяпер у Воршы шырока абмяркоўваюць, наколькі «асьцярожнічае» чыноўніца, калі нават арнамэнт падаецца ёй «крамольным». Асабліва ўражвае, што такія перасьцярогі праявіліся ў адмысловы для ўсіх аршанцаў дзень – 26 лістапада, на ўгодкі пісьменьніка-земляка Ўладзімера Караткевіча.

Яшчэ пра адну перасьцярогу аматары беларускага мастацтва даведаліся 27 лістапада. Аказваецца, Ліна Гатоўская, дырэктарка музэю Ўладзімера Караткеівча, нечакана адмяніла канцэрт Сяргея Доўгушава, артыста дзяржаўнай філярмоніі, удзельніка Harmonic style project, SD і групы «Вурай». Сьпявак распавёў, што атрымаў афіцыйнае запрашэньне выступіць, скарэктаваў для гэтага свой канцэртны графік і раптам за дзень да канцэрту атрымаў адмову па электроннай пошце. Разам з прабачэньнямі дырэктарка музэю патлумачыла артысту прычыны: маўляў, літаральна напярэдадні былі ўнесеныя зьмены ў праграму, і замест яго вырашана было ўключыць у канцэрт іншых, мясцовых выступоўцаў.

Дарэчы, Сяргей Доўгушаў таксама лічыць сябе «мясцовым» – ён нарадзіўся на Аршаншчыне, не аднойчы тут выступаў, у тым ліку і ў музэі Ўладзімера Караткевіча. Аднак, паводле ягоных словаў, усе стасункі з гэтай установай ён гатовы спыніць.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"