Паколькі грунтовая дарога, узбоч якой зьявілася шыльда, цягнецца ад аўтастрады толькі на сотню мэтраў і заканчваецца акурат перад мэмарыялам, то, відавочна, папярэджаньне адрасаванае кіроўцам, якія едуць менавіта да крыжоў, а не кудысьці далей у лес – па грыбы, дзеля пікніку, на паляваньне і г.д. Выходзіць, дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Віцебскі лясгас» вырашыла апекавацца мэмарыялам, на які раней улады не зважалі.
Самаробны мэмарыял ва ўшанаваньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1930-50-х гадоў зьявіўся ў лесе паміж вёскамі Паляі і Вароны ў 2007 годзе – тады быў усталяваны першы крыж. Зь цягам часу колькасьць крыжоў павялічылася – цяпер іх сем. На самым вялікім, мэталёвым, ёсьць надпіс: «Ахвярам таталітарнага рэжыму».
Мэмарыял – сымбалічны. Менавіта ў гэтым месцы, дзе стаяць крыжы, расстрэлы грамадзян за часамі Сталіна не зьдзяйсьняліся. Але, як надоечы даведаліся віцебскія краязнаўцы, людзей масава расстрэльвалі зусім нездалёк – у некалькіх сотнях мэтраў углыб лесу.