Аўторак, 12 Ліпень 2016

Трох службовых асоб у Гарадку абвінавачваюць у незаконным набыцьці жытла

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У адносінах да трох службовых асобаў, якія працавалі на адным з гарадоцкіх прадпрыемстваў, заведзеная крымінальная справа. Упраўленьне Сьледчага камітэту абвінавачвае іх у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі пры набыцьці жытла.

Пражываючы ў службовым жытле, трое абвінавачаных на працягу году сьвядома адлюстроўвалі ў дакумэнтах заніжаны кошт на яго. А пазьней набылі гэтае жытло ў прыватную ўласнасьць. Пры гэтым абвінавачаныя выплацілі суму, на 100 000 рублёў (1 мільярд рублёў да дэнамінацыі) меншую за рэальны рыначны кошт набытай імі нерухомасьці. Шкода кампэнсаваная поўнасьцю, паколькі сьледчыя абмежавалі абвінавачаным права распараджацца незаконна набытым жытлом.

Ужо былыя службовыя асобы абвінавачваюцца ў зьдзяйсьненьні злачынства паводле часткі 3 артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу (Наўмыснае насуперак інтарэсам службы зьдзяйсьненьне службовай асобай з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці дзеяньняў з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў).

У працэсе расьсьледаваньня крымінальнай справы праведзена больш за 25 экспэртызаў, 14 аглядаў памяшканьняў, больш за 70 апытаньняў сьведкаў. Абвінавачаныя далі падпіску аб нявыезьдзе. Іх маёмасьць знаходзіцца пад арыштам.

Крымінальная справа накіраваная ў суд.