Варта зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. Па сутнасьці, Леанід Аўтухоў атрымаў не чатыры розныя адказы, а адзін і той жа адказ у чатырох асобніках, толькі за рознымі подпісамі: чыноўнікі гарадзкіх і абласных выканкамаў і саветаў дэпутатаў слова ў слова паўтараюць адзін аднаго, аж да косак і граматычных памылак – іх лісты маюць адрозьненьні толькі ў назвах ворганаў, зь якіх яны атрыманыя, і пераліку прававых дакумэнтаў, у адпаведнасьці зь якімі яны ладзяць свае паседжаньні.
Згодна з законам «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь», «сэсія Савету праводзіцца адкрыта і публічна». Вызначае гэты закон і тое, хто можа прысутнічаць на паседжаньнях выканкамаў: «На паседжаньнях выканаўчага і распарадчага воргану ва ўстаноўленым парадку могуць прысутнічаць прадстаўнікі іншых дзяржаўных ворганаў і іншых арганізацыяў, ворганаў тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня, а таксама грамадзяне».
Такім чынам, калі, як абвяшчае закон, усё «адкрыта і публічна», калі «могуць прысутнічаць… грамадзяне», дык, здаецца, нішто не замінала кіраўнікам саветаў і выканкамаў задаволіць просьбу лідэра БНФ. Якія «прававыя падставы» ім для гэтага яшчэ патрэбныя? А мабыць, дэпутаты саветаў і прадстаўнікі вэртыкалі ўлады на сваіх паседжаньнях абмяркоўваюць нейкія таямніцы, якія нельга раскрываць сябрам апазыцыйнай партыі?