3 ліпеня дыягназ быў пацьверджаны ў Дзяржаўнай навуковай установе «Усерасейскі навукова-дасьледчы інстытут вэтэрынарнай вірусалёгіі і мікрабіялёгіі» (г. Пакроў, РФ), якая зьяўляецца рэфэрэнтным цэнтрам Міжнароднага эпізаатычнага бюро.
Факт таго, што АЧС дабралася да Віцебшчыны, пацьвердзілі і вэтслужбы Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Дэпартамэнту вэтэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарчу. Ведамства інфармуе, што 2 ліпеня 2013 году Беларускім дзяржаўным вэтэрынарным цэнтрам у паталягічным матэрыяле, адабраным ад пяці трупаў сьвіней, якія належаць філіялу «Лучоса» ААТ «Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў», выяўлены генэтычны матэрыял узбуджальніка афрыканскай чумы сьвіней.
Яшчэ 1 ліпеня на гэтым сьвінакомплексе, што каля вёскі Копці Віцебскага раёну, масава зьнішчалі жывёлу. Вядома пра гэта было толькі з чутак ды сьведчаньняў мясцовых жыхароў. Пад’езды да сьвінакомплексу былі заблякаваныя пастамі ДАІ, але міліцыянты нікому не тлумачылі, што адбываецца ў Капцях.
А яшчэ раней, у 20-х чыслах чэрвеня, працаўнікі вэтэрынарнай службы ў суправаджэньні міліцыянтаў панішчылі сьвіней у прыватных гаспадароў зь вёсак Ліпаўцы, Шапечына і Асінаўка. Нічога канкрэтнага людзям не казалі, гаворыць жыхар Асінаўкі спадар Аляксей: «Заходзіць мужык у хлеў, робіць сьвіньні ўкол, усыпляюць імгненна. Ніякай крыві, нічога такога… І двое адразу выцягваюць».
Пра афрыканскую чуму ці хаця б пра імавернасьць такой хваробы, пакуль яна не была пацьверджана, не казаў ніхто. Прынамсі, да 5-га ліпеня ні радка пра гэта не напісала ні мясцовая раёнка “Жыцьцё Прыдзьвіньня”, ні афіцыйны сайт Віцебскага райвыканкаму. Між тым выпадкі хваробы зафіксаваныя ўжо і ў мястэчку Крынкі суседняга Лёзьненскага раёну. Гэты раён мяжуе з Расейскай Фэдэрацыяй, і ў гэтым — свая небясьпека, працягвае спадар Аляксей: «Могуць знайсьціся прадпрымальныя людзі, якія падлічаць, што можна няблага зарабіць. Яны скупяць у насельніцтва сьвіней, якіх яшчэ ня зьнішчылі, а мяжа з Расеяй у нас адкрытая! І — пайшла сабе афрыканская чума ад Берасьця да Ўралу! Гэткі сцэнар, у прынцыпе, магчымы…»
Для чалавека афрыканская чума небясьпекі не ўяўляе. Але гэтая хвароба здольная «выкасіць» усё сьвіное пагалоўе на вялікай адлегласьці. Таму, каб прадухіліць эпідэмію, сьвіней мусяць зьнішчыць у радыюсе 40 кілямэтраў ад сьвінакомплексу «Лучоса», дзе дакумэнтальна зафіксаваныя выпадкі хваробы. А гэта — тэрыторыі васьмі раёнаў: Віцебскага, Лёзьненскага, Аршанскага, Сеньненскага, Бешанковіцкага, Шумілінскага, а яшчэ Дубровенскага і Гарадоцкага раёнаў, што таксама мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй.
Але і ў гэтых раёнах пра небясьпеку афрыканскай чумы сьвіней насельніцтва не папярэджана, кажа былы вэтэрынарны лекар Аляксандар Шчамлёў, які жыве ў Шумілінскім раёне: «Нічога не чуваць — ні пра нейкія выпадкі хваробы, нічога! Ціха і сьвята! А гэта ж жах — вірус косіць усё. Ён як грып, толькі дужа кантагіёзны. Ён муціруе, таму вакцыны — няма. Афрыканская чума ў нас лічыцца хваробай пераможанай, хваробай мінулага! Яе нават не вывучалі падрабязна — толькі факультатыў быў. Я 20 гадоў адпрацаваў — і нічога падобнага не было. А тую афрыканскую чуму, між іншым, прывезьлі з Афрыкі гандляры рабамі. Прывезьлі — і вымерла паўмільёна сьвіней. Таму потым індзейцы пачалі мерці з голаду!»
Спадар Аляксандар мяркуе, што сельскую гаспадарку вобласьці чакаюць вялікія страты — бо частка сьвінакомплексаў будзе папросту зьнішчаная: «Страты будуць дзікія. Таму што сьвінакомплексы „лягуць“. Увогуле афрыканская чума ў Беларусі — гэта сэнсацыя! Гэта мусіць быць на першых старонках, улады мусяць папярэдзіць насельніцтва. Чаму маўчыць урад, чаму маўчаць мэры гарадоў, райвыканкамы? Гэта ж кашмар! Яны мусяць выступіць з заявамі… Чаму ўлада маўчыць?»
Афрыканская чума на Віцебшчыне пакуль ня стала навіной № 1. Але на нешматлікія зьвесткі ў інтэрнэце ўжо зрэагаваў рынак: цэны на сьвініну ўпалі. Улетку мяса й так таньнее, бо кепска захоўваецца, а тут — яшчэ і хвароба.
Паводле Радыё Свабода, “Беларускага партызана”, “Нашай Нівы”