Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніка Мінсельгасхарчу, што ў цэлым больш за ўсё насьцярожвае ў працэсе корманарыхтоўкі. Леанід Заяц падкрэсьліў , што, як бы ні было цяжка, неабходна да 5-7 чэрвеня абавязкова завяршыць першы ўкос.
«Трэба ўстаць ўсім, вырашыць праблему паліва, пагаварыць з мэханізатарамі, забараніць адпачынкі, камандзіроўкі, максымальны час выкарыстоўваць тэхніку» , - сказаў міністар. Асобна Леанід Заяц адзначыў нізкія тэмпы ўборкі кармавых культур у Віцебскай вобласьці, дзе, паводле зьвестак Мінсельгасхарчу, убрана усяго каля 2%.
«Дык калі вы ўбіраць будзеце?» - адрасаваў пытаньне Лукашэнка губэрнатару Віцебскай вобласьці Аляксандру Косінцу. «Мы распачалі ўборку. Ёсьць травы раньнесьпелыя, сярэднясьпелыя , позьнесьпелыя. Раньнесьпелых мы маем 48 тыс. га. Мы да 1 чэрвеня іх убіраем. Сярэднясьпелыя травы - да 7 чэрвеня. Позьнесьпелыя травы мы ўбіраем да 15 чэрвеня», - далажыў губэрнатар.
«Калі ён да 15 чэрвеня ў Віцебскай вобласьці не ўбярэ травы, значыць, гэта яго апошнія дні , - падкрэсьліў Лукашэнка. - Ня будзе зроблена - праект указу на стол. За словы трэба адказваць. Адказваць трэба за ўсё, і перш за ўсё за кадры».
Крыніца: Хартыя'97