Сацыяльная ініцыятыва з квір-тэматыкай Closet Free паўстала ў нашым горадзе зусім нядаўна – літаральна месяц таму. Яе стварылі некалькі маладых дзяўчат-актывістак, якія захапіліся тэмай правоў чалавека і гендэрнай ідэнтычнасьці. “Closet Free – ініцыятыва, накіраваная на культурнае і адукацыйнае развіцьцё гораду Віцебску. Наша галоўная мэта – стварыць камфортную прастору для камунікацыі, у якой кожны зможа быць самім сабой і знайсьці аднадумцаў”, – заяўляюць актывісткі.
Паглядзець мастацкую стужку фільм Pride (2014, рэжысэр Мэцью Ўорчас) і падыскутаваць аб правах геяў і лесьбіянак прыйшло некалькі дзясяткаў маладых віцяблян. У пераважнай большасьці – дзяўчат, студэнтак віцебскіх унівэрсытэтаў.
У аснове сюжэту фільму ляжаць рэальныя падзеі, якія адбываліся ў Вялікабрытаніі ў 1985 годзе падчас праўленьня “жалезнай лэдзі” Маргарэт Тэтчэр. Гэта гісторыя ўзаемадзеяньня і салідарнасьці бастуючых валійскіх шахтараў і актывістаў ЛГБТ-руху зь Лёндану ў адстойваньні сваіх правоў і ідэалаў. Гісторыя пра тое, што нават такія розныя на першы погляд сацыяльныя групы могуць знаходзіць агульную мову паміж сабой і дзейнічаць разам.
На дыскусію пасьля прагляду засталася палова гледачоў. Маладыя людзі дзяліліся сваімі меркаваньнямі аб убачаным, наогул выказваліся на тэму ЛГБТ. Сышліся на думцы, што сучаснае беларускае грамадзтва, нягледзячы на жорсткі сацыяльна-палітычны лад, зьяўляецца зараз нашмат больш талерантным і памяркоўным, чым за Савецкім Саюзам. Хоць і ў нашыя дні агрэсія да прадузятасьць нікуды ня зьніклі, і да эўрапейскіх стандартаў нам яшчэ далёка.
Гэтак, адна з удзельніц дыскусіі прызналася, што, калі б яна была лесьбіянкай і яе бацькі даведаліся б пра гэта, то яе проста б выгналі з хаты.
Гэтая далікатная тэма ўспрымаецца ў нашым грамадзтве вельмі неадназначна і хваравіта. Паводле словаў арганізатаркі праекту Ксеніі, яна запрашала на кінапрагляд сябраў віцебскай гей-супольнасьці, але яны чамусьці не прыйшлі.
У межах ініцыятывы плянуецца праводзіць разнастайныя майстар-клясы, лекцыі, кінапрагляды на тэмы сэксуальнасьці, гендэрнай ідэнтычнасьці, фэмінізму, правоў чалавека.
Арганізатары імпрэзаў робяць акцэнт на тым, каб усе ўдзельнікі паважліва ставіліся адзін да аднаго, не праяўлялі агрэсіі і нянавісьці, зь цярпеньнем ставіліся да чужога меркаваньня. Менавіта з гэтага і складаецца падмурак разьвітай і справядлівай супольнасьці.
Уладзімер Бяляўскі