Сэмінар праводзіла Ірына Саламаціна – аўтар праекту “Гендэрны маршрут: фэстываль ідэй пра пол», удзельнікі якога займаюцца гуманітарнымі дасьледаваньнямі ў галіне гендэрнай тэорыі і фэміністычнай крытыкі.
На сустрэчы абмеркавалі становішча жанчын у Беларусі, і ня толькі ў працоўных стасунках. У беларускім грамадзтве жанчыны складаюць 54% насельніцтва, аднак палітыкі і грамадзкія дзеячы ня ўлічваюць гэты факт і мала ўвагі надаюць гендэрным праблемам у грамадзтве.
Праявы дыскрымінацыі
Ірына Саламаціна прыводзіла факты дыскрымінацыі жанчын у паўсядзённым жыцьці. Казала пра тое, што на сёньняшні дзень 82% жанчын працаўладкаваныя, але гэта зьяўляецца постсавецкай спадчынай.
Дыскрымінацыя жанчын у галіне працы праяўляецца сёньня ў больш нізкай аплаце, а таксама ў невялікай колькасьці жанчын у органах кіраваньня камэрцыйнымі арганізацыямі і ў органах улады.
- У эканоміцы: жанчыны зарабляюць на 26% менш за мужчынаў.
- У адукацыі: сярод дактароў навук маем 24% жанчын і 76% мужчын.
- У палітыцы: жанчыны маюць толькі 16% месцаў у парлямэнце Беларусі.
Што раіць Камітэт ААН
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын рэкамэндуе беларускаму Ўраду ўсталяваць шэраг стандартаў
- Зрабіць захады для скарачэньня сьпісу прафэсіяў, забароненых для жанчын.
- Хатнюю працу жанчын (догляд за чальцамі сям'і), за якую яны не атрымліваюць грошай, улічваць пры афармленьні пэнсіяў.
- Заканадаўча забясьпечыць абарону жанчын ад сэксуальнага дамаганьня на працоўным месцы, зьняўшы цяжар доказу з ахвяры.
Што такое “Мова жанчын”
Кіраўнік інфармацыйна-культурнага цэнтру “ІніцыАрт” Вольга Дамаскіна расказала аб праекце “Мова Жанчын”, у якім удзельнічаюць актывісткі Полацкага рэгіёну:
“Мы праводзім заняткі ў розных фарматах: майстар-клясы, форум-тэатры, сэмінары, сустрэчы зь цікавымі людзьмі. Спрабуем павялічыць актыўнасьць жанчын у грамадзкім жыцьці Беларусі. Аб'яднаньне актыўных жанчын рэгіёну – гэта асноўная мэта школы “Мова Жанчын”, якая сёлета пачала працу ў Наваполацку”.
“Мужчыны ня плачуць?..”
Вялася гаворка і пра стэрэатыпы ў дачыненьні да мужчын. Хлопчыкаў у Беларусі з самага дзяцінства прывучаюць да таго, што “сапраўдны мужык” ня мае права плакаць.
У выніку беларускія мужчыны адчуваюць цягам жыцьця пэўныя праблемы ў выяўленьні эмоцыяў. А гэта прыводзіць да розных захворваньняў, сьцьвярджаюць мэдыкі.
Аляксандар Марозаў