Пётар Іваноў зладзіў акцыю, прымеркаваную да Дня правоў чалавека, які адзначаецца 10 сьнежня. Ён выйшаў у цэнтар Віцебску, дзе раздаў мінакам з паўсотні асобнікаў Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, прынятай 65 гадоў таму генасамблеяй ААН. Не забыў падарыць асобнікі дэклярацыі і супрацоўнікам суду, куды быў выкліканы ў гэты дзень. Судзьдзя Натальля Карабліна не засталася ў даўгу: яна парупілася, каб праваабаронца таксама не застаўся без «падарунку», абдарыўшы яго штрафам.

Пад чарговымі заяўкамі на пікеты, пададзенымі ў раённыя адміністрацыі Віцебску, стаяць подпісы чатырох актывістаў КХП-БНФ. Пікеты мусяць адбыцца 14 і 15 сьнежня. Празь іх партыйцы хочуць выказаць сваё адмоўнае стаўленне да будаўніцтва ядзерных аб’ектаў, якія могуць стаць новымі «чарнобылямі», ды давесці да сьвядомасьці жыхароў інфармацыю пра небясьпеку, якую нясе незалежнасьці Беларусі разьмяшчэньне вайсковых баз Расеі ў нашай краіне.

Віцебскія валянтэры кампаніі «Гавары праўду» распаўсюдзілі каля 10 000 улётак з заклікам да грамадзян падтрымаць «Народны рэфэрэндум». Ва ўлётках распавядаецца, што такое рэфэрэндум і як можна ўнесьці пытаньне ды ўзяць непасрэдны ўдзел у кампаніі.

Зьміцер Лупач, актывіст з Глыбокага, спрабаваў праз суд аспрэчыць забарону пікету салідарнасьці з палітвязьнямі. Раённыя ўлады забаранілі пікет, бо ў райцэнтры зьмяніліся месцы для правядзеньня масавых акцыяў. Так было напісана ў афіцыйным лісьце з выканкаму. Але ў судзе раптам “усплыла” іншая прычына, паводле якой забарона ўладаў была прызнана законнай.

Жыхары вёскі Верхняе Глыбоцкага раёну патрабуюць пакінуць у іх паштовае аддзяленьне — адзінае на некалькі навакольных вёсак. Збор подпісаў пад калектыўнымі лістамі — ініцыятыва актывіста кампаніі «Гавары праўду» Яраслава Берніковіча.