Сума штрафу, накладзенага на Пятра Іванова, склала 15 базавых велічынь (1 мільён 950 тысяч рублёў). Такому пакараньню ён быў падвергнуты за кіраваньне асабістым аўтамабілем з пасьведчаньнем кіроўцы, выдадзеным яму Расейскай Фэдэрацыяй. Адміністрацыйная справа Пятра Іванова была разгледжаная ў судзе Першамайскага раёну Віцебску.
Паводле слоў праваабаронцы, ён спадзяваўся, што хаця б раз на год суд будзе незалежным, бесстароньнім і справядлівым. На пачатку судовага паседжаньня ўсіх удзельнікаў працэсу Іваноў павіншаваў са сьвятам – Усясьветным днём правоў чалавека.
«Але сьвята не атрымалася. Бо ў габінэт судзьдзі, у якім яна праводзіла судовае паседжаньне, па адным і групамі сталі наведвацца супрацоўнікі міліцыі. Гэта яўна адцягвала ад асноўнай працы судзьдзю. Разам з разглядам справы яна паралельна вырашала адразу некалькі іншых пытаньняў. У габінэце таксама працавала на кампутары сакратарка суду, якая падчас працэсу сноўдалася па выкліках міліцыянтаў за дзьверы габінэту і назад», – паведаміў пра судовае паседжаньне Пётар Іваноў.
Ён распавёў, як далей разьвіваліся падзеі: «Бачачы настолькі выразную абыякавасьць да адміністрацыйнай справы, што разглядалася, і да маіх тлумачэньняў, я стаў упрошваць судзьдзю стварыць працоўную абстаноўку, не адхіляцца на іншыя справы і не замінаць дачы тлумачэньняў па справе. Гэтыя ўгаворы не падзейнічалі. Пасьля ўварваньня ў габінэт судовага паседжаньня групы супрацоўнікаў міліцыі, чым у чарговы раз былі перапыненыя мае тлумачэньні суду, я зрабіў ветлівую і карэктную заяву пра фактычнае пазбаўленьне мяне судом магчымасьці даваць тлумачэньні ў нармальнай абстаноўцы і з гэтай прычыны быў вымушаны пакінуць судовае паседжаньне».
Па заканчэньні паседжаньня Іваноў даведаўся пра тое, што суд пакінуў бязь зьменаў адміністрацыйнае спагнаньне, раней накладзенае на яго начальнікам міжраённага аддзелу ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам Сьцяпанавым. У кнігу заўвагаў і прапаноў судовай установы ім быў унесены запіс пра непавагу з боку суду да ўдзельніка судовага працэсу.