У гадавіну Чарнобыля віцебскія ліквідатары традыцыйна зьбіраюцца ля крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Вось і 26 красавіка 2015 году была праведзеная акцыя памяці. Пасьля невялічкага мітынгу быў спушчаны на ваду Заходняй Дзьвіны вянок з жалобным надпісам: «Героям-ліквідатарам Чарнобыля ад нас, жывых».

Прычына забароны акцыі, заяўку на правядзеньне якой падавалі віцебскія сябры КХП-БНФ, традыцыйная. Намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Дзьмітры Шэрыкаў забараніў вулічнае шэсьце, спаслаўшыся на адсутнасьць у заяўнікаў дамоваў на яго абслугоўваньне камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыянтамі.

16 красавіка напярэдадні Радаўніцы на месцы меркаваных масавых забойстваў сталінскімі катамі беларускіх грамадзян у 1937-38 гадох у лесе пад вёскай Хайсы актывіст КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў са сваімі аднадумцамі меў намер прыбраць тэрыторыю і ўсталяваць ва ўшанаваньне памяці ахвяраў рэжыму крыжы. Зьдзейсьніць задуму перашкодзілі прадстаўнікі мясцовай улады і праваахоўных органаў.

У Глыбокім людзі просяць згадаць на шыльдах гістарычныя назвы вуліц. За гэты сабрана каля шасьці дзясяткаў подпісаў жыхароў гораду. Подпісы перадалі ў глыбоцкі раённы Савет дэпутатаў. Разам з подпісамі быў перададзены і ўзор шыльды, якую распрацавалі прадстаўнікі грамадзкасьці Глыбокага.

Жыхары дому № 7 па вуліцы Міру ў Воршы масава прыйшлі на сход, каб вырашыць праблему добраўпарадкаваньня двара.