Рабочым заводу раздавалася газэта Свабоднага прафсаюзу з прапановай накіроўваць лісты пратэсту дырэктару заводу Мікалаю Бунакову. Дзеяньні дырэктара парушаць шэраг норм заканадаўства Беларусі і забавязаньняў ураду, калі ён не заключыць кантракт з рабочым з 30 красавіка.
Пікет праходзіў з 14:00 да 15:10 падчас перазьменкі, калі першая зьмена прыходзіла на завод, другая – выходзіла з заводу. Актывісты прафсаюзу распаўсюдзілі каля 300 бюлетэняў Свабоднага прафсаюзу, у якім рабочым прапануецца накіраваць лісты пратэсту дырэктару. Карэспандэнты тэлебачаньня правялі запіс мерапрыемства, рэпартаж можна паглядзець на сайце Белсату.
Рабочыя заводу дзякавалі актывістам прафсаюзу СПБ за тое, што яны працягваюць актыўныя дзеяньні ў інтарэсах працоўных заводу, накіроўваючы розныя скаргі і падаючы пазовы ў суд на наймальніка – ААТ «Полацак-Шкловалакно». Рабочыя скардзіліся, што дырэктар не аплачвае час праходжаньня мэдычнай камісіі, на нізкую аплату за дапрацоўкі ў выходны дзень і іншыя праблемы.
Пікет праводзіўся без апавяшчэньня наймальніка пра час пікету, ахоўнік заводу выйшаў толькі даведацца, што гэта за відэаздымкі. Яму патлумачылі, што гэта прафсаюзнае мерапрыемства, і ахоўнік адышоў на свой пост, узяўшы пачытаць прафсаюзную прэсу.
Паводле беларускага заканадаўства прафсаюзам дадзенае права, без узгадненьня з наймальнікам, арганізоўваць сваю дзейнасьць. Нават мясцовыя дзяржаўныя ўлады абавязаныя ўстрымлівацца ад любога ўмяшаньня ў дзейнасьць прафсаюзу, згодна зь міжнародным забавязаньнем Беларусі. Усё гэта вынікае з Закону аб міжнародных дамовах і Канвэнцыі №87 Міжнароднай арганізацыі працы.
Калі дырэктар Бунакоў не заключыць працоўную дамову зь Міколам Шарахам на новы тэрмін, то Свабодны прафсаюз мае намер правесьці чарговы пікет 28 красавіка ў цэнтры гораду Полацку. Мясцовы райвыканкам ужо апавешчаны пра намер Свабоднага прафсаюзу правесьці масавае мерапрыемства.
Віктар Стукаў, freeregion.info