Гэты фотаклуб распачаў сваю дзейнасць у верасні мінулага году. Паводле кіраўніцы Наталіі Колды, галоўная задача аб“яднання – адцягнуць увагу жыхароў Марыупаля, асабліва дзяцей і падлеткаў, ад жахаў вайны. На фотавыставе «Мариуполь: жить, несмотря ни на что» можна ўбачыць фотаздымкі рознага часу: ад 24 лютага 2022г. да цяперашняга часу, калі горад, па словах Наталіі Колды, «пачалі аднаўляць».
Сама кіраўніца фотаклубу, што паказальна, 17 сакавіка 2022г. з“ехала ў Расею. Вярнуўшыся праз некалькі месяцаў, яна вырашыла аб“яднаць мясцовых фатографаў і стварыць дзіцячую валанцёрскую фоташколу. Каб забяспечыць творчым аб“яднанням «матэрыяльную базу», яна звярнулася да расейскіх калегаў, каб тыя ахвяравалі марыупальцам фотатэхніку. Таксама Наталля Колда кажа, што з фотаабсталяваннем дапамагалі і жыхары Беларусі ды Казахстана.
Аб“яднаўшы некалькі дзясяткаў прац удзельнікаў фотаклуба ў асобную выставу, кіраўніца пачала арганізоўваць выставачныя «турнэ», найперш па расейскіх гарадах. Да прыкладу, у снежні мінулага году фотаздымкі з Марыупалю прывозілі ў Гатчыну (Ленінградскай вобласць) . Паводле водгукаў, наведнікаў мала бянтэжыла тая акалічнасць, што разбураны на 90% Марыупаль – справа рук расейскіх вайскоўцаў. «Эта фотавыставка показывает, что война есть, и она очень серьёзная, очень грозная, но при этом и крайне необходимая», -- зазначыў, прыкладам, Мікалай Груздзеў, настаяцель храма Пятра і Паўла ў пасёлку Карташоўская Гатчынскага раёну.
Дагэтуль фотавыстава «Мариуполь: жить, несмотря ни на что» эксапанавалася ў Расеі, Віцебск стаў першым беларускім горадам, куды яна трапіла, дзякуючы ініцыятыве маскоўскага фатографа Андрэя Бялова. Паводле арганізатараў, увага гледачоў мусіць быць сканцэнтравана не на жахах вайны, распачатай Расеяй, а на аднаўленні разбуранага гораду, якое праводзіцца пад кіраўніцтвам прарасейскай адміністрацыі. Такім чынам увасабляецца прапагандысцкі пастулат пра тое, што неабходна забяспечыць перамогу Расеі на культурніцкім фронце. Наведнікаў выставы імкнуцца пераканаць у тым, што толькі пры ўмове расейскай прысутнасці магчымы прагрэс у развіцці Данецкай вобласці.
Таццяна Віктарава
Субота, 03 Чэрвень 2023
У Віцебск з Расеі прывезлі фотавыставу пра разбураны Марыупаль
Выстава ўдзельнікаў Марыупальскага фотаклуба адкрылася ў культурна-гістарычным комплексе «Золотое кольцо города Витебска «Двина». У складзе экспазіцыі «Мариуполь: жить, несмотря ни на что» прадстаўлены 45 фотаздымкаў 19-ці аўтараў. У сацыяльных сетках фотаклуба паведамляецца, што правядзенне фотавыставы ў Віцебску стала магчымым, дзякуючы спрыянню жыхара Масквы, фатографа Андрэя Бялова і ягонай жонкі Наталлі. Да слова, фотавыстава ягоных прац «Фотопрогулки по Москве и Подмосковью» таксама два гады таму экспанавалася ў віцебскім культурна-гістарычным комплексе. Мабыць, тады і завязалася супрацоўніцтва масквіча з віцебскай культурніцкай установай, дзе цяпер паказваюць здымкі ўдзельнікаў Марыупальскага фотаклуба