Субота, 20 Май 2023

«Гэтa Захад ваяваў супраць СССР». Расонскія былыя міліцыянты і вайскоўцы выказаліся пра Дзень Перамогі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Газета «Голас Расоншчыны» зноўку дала слова чатыром былым міліцыянтам і вайскоўцам, якіх называе экспертамі ў палітычных пытаннях. Гэтым разам удзельнікі праекта «Слово офицера» разважаюць пра адзначэнне Дня Перамогі і ўласна пра Вялікую Айчынную вайну як фактар выхавання сучаснай моладзі. Пры гэтым некаторыя выказванні з“яўляюцца мэтанакіраванай дэзінфармацыяй, а некаторыя – проста памкненнем трапіць дзяржаўнай ідэалогіі. Рэдакцыя перадае выказванні ўсіх чатырох экспертаў без праўкі, таму іхныя высновы выглядаюць часам малапісьменна, а часам і проста смешна.

«22 чэрвеня 1942 г. фашыстоўская Германія напала на Савецкі Саюз. Гэта нас так вучылі. Але фактычна гэта Захад наўпрост ці ўскосна ваяваў супраць Савецкага Саюзу», -- заяўляе падпалкоўнік у адстаўцы Грыгорый Русіновіч, кіраўнік раённай арганізацыі ГА "Белорусский союз офицеров".

Усе чацвёра суразмоўцаў акцэнтуюць увагу на тым, што адзначэнне Дня Перамогі мусіць стаць адным з галоўных фактараў выхавання моладзі. «Трэба болей паказваць дакументальных фільмаў пра тую бяду, пра подзвігі, задзейнічаць дзяцей у падрыхтоўцы дзяржаўных святаў, каб яны маглі пагрузіцца ў тую атмасферу. І чым болей дзяцей, тым лепей», -- працягвае спадар Русіновіч. Аднак прызнае, што ўплываць на сучасных падлеткаў з дапамогай гучных лозунгаў усё цяжэй: «Так, ідэалагічныя недахопы ёсць. І прэзідэнт неяк заявіў, што моладзь мы ўпусцілі. Але цяпер наганяем упушчанае».

Уладзімір Сакалоў, маёр МУС Расейскай Федэрацыі, таксама прыгадвае Аляксандра Лукашэнку: хваліць яго за «моцны ўчынак» - правядзенне параду 9 траўня падчас каронавірусу. На ягоную думку, падобныя «святкаванні, мітынгі і шэсці трэба праводзіць для падтрымання духу». Адстаўны міліцыянт з Расеі лічыць, што сучасных школьнікаў трэба абавязаць чытаць кнігі пра вайну, вывучаць з імі франтавыя песні.

Падпалкоўнік Віктар Вашчанка, які шмат галоў таму служыў у МУС СССР, дадае, што ўсё гэта – справа не толькі школы: «Трэба казаць пра вайну ў садах, сем“ях, спрабаваць зацікавіць моладзь, каб яна потым не з“язджала з краіны, а будавала яе квітнеючай». На думку маёра Сяргея Дубкова, былога супрацоўніка Расонскага РАУС, менавіта Дзень Перамогі «калісьці прынёс у наша жыццё каштоўнасці, якімі мы карыстаемся і зараз: права на працу, бясплатную адукацыю і медыцыну. Мы паступова пачалі ўспрымаць гэта як належнае».

Да размовы адстаўных экспертаў рэдакцыя расонскай «раёнкі» вырашыла далучыць і двух мясцовых старшакласнікаў. Словы адзінаццацікласніка Ўладлена Бурносенкі пра тое, што «фашысты ненавідзелі славян», і што моладзь павінна быць удзячнай «продкам, якія абаранілі краіну і нас» спадабаліся старэйшым суразмоўцам. А вось высновы адзінаццацікласніцы Яўгеніі Кірылавай напружылі. Дзяўчына прызналася, што ёй цяжка аб“ектыўна выказвацца пра мінулую вайну, бо яна чула пра яе ад ужо пасляваеннага пакалення – ад бабулі і маці. Таксама Яўгенія сказала, што ў школе да Дня Перамогі было падрыхтавана шмат мерапрыемстваў, але наколькі яны закранулі сэрцы аднакласнікаў, меркаваць складана. «Пра стаўленне да гэтага свята ў моладзі не скажу – мы гэта не абмяркоўваем», - кажа дзяўчына.

Чацвёра ўдзельнікаў праекту заявілі, што гэта – недахоп сустрэч з ветэранамі вайны, якіх ужо практычна не засталося, і што сучасныя падлеткі надта залежныя ад інтэрнэту – менавіта там яны знаходзяць адказы на ўсе свае пытанні.

Лявон Каляда