Блакаваць ліставанне палітвязняў у калоніях і СІЗА стала адным з метадаў ціску на іх і тых, хто хоча іх падтрымаць. Пасля прысуду палітвязні могуць атрымліваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў: часта гэта выключна тыя, хто пазначаны ў асабістай справе.
У СІЗА правілы ліставання немагчыма патлумачыць ніякай логікай: выбарачна блакуюцца лісты і ад сваякоў, і ад незнаёмых людзей; камусьці даходзяць амаль усе лісты, камусьці – амаль нічога.
СІЗА: выбарачнае блакаванне
У СІЗА блакаванне ліставання можа адбывацца выбарачна па асобах ці камерах, залежаць ад настрою цэнзара ці распараджэння следчых — не аднойчы палітвязні распавядалі, што ім даходзілі далёка не ўсе дасланыя лісты.
Людзей часта пазбаўляюць права на ліставанне, каб стварыць інфармацыйны вакуум для пэўных мэтаў. Асабліва гэта характэрна для першых дзён пасля затрымання: чалавек разгублены, маральна прыгнечаны, і адсутнасць любой інфармацыі звонку яшчэ больш пагаршае такі псіхалагічны стан.
Калоніі: лісты ад сваякоў
Найбольш за апошні час пагоршылася сітуацыя з лістамі ў калоніях. Часцей за ўсё пасля прысуду палітвязні атрымліваюць лісты выключна ад сваякоў, пазначаных у асабістай справе. Паводле былога вязня шклоўскай калоніі №17, палітвязні могуць атрымліваць лісты толькі ад блізкіх сваякоў, якіх яны ўказваюць у спецыяльнай форме яшчэ на каранціне. Лісты ад іншых людзей там не выдаюць і ніяк пра гэта не апавяшчаюць. Выключэнне — заказныя лісты.
Якія нормы рэгулююць ліставанне?
Мінімальныя стандартныя правілы ААН у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (Правілы Нэльсана Мандэлы):
Кантакты са знешнім светам
Правіла 58 1. Зняволеным варта даваць магчымасць мець зносіны праз рэгулярныя прамежкі часу і пад належным наглядам з іх сем'ямі або сябрамі: a) з дапамогай пісьмовай перапіскі і з выкарыстаннем, калі ёсць такая магчымасць, тэлекамунікацыйных, электронных, лічбавых і іншых сродкаў; і b) у ходзе спатканняў.
Крымінальна-выканаўчы кодэкс
Артыкул 85. Перапіска асуджаных да пазбаўлення волі, адпраўленне і атрыманне імі грашовых пераводаў.
- Асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежавання іх колькасці. Адпраўленне лістоў і тэлеграм ажыццяўляецца за кошт асуджаных.
- Карэспандэнцыя, якая атрымліваецца і адпраўляецца асуджанымі, за выключэннем названай у частцы 4 артыкула 13 гэтага кодэкса, падлягае цэнзуры.
- Перапіска паміж асуджанымі, якія ўтрымліваюцца ў папраўчых установах, якія не з'яўляюцца блізкімі сваякамі, забараняецца.
Правілы унутранага распарадку папраўчых устаноў:
Перапіска асуджаных падвяргаецца цэнзуры. Лісты асуджаных і лісты, якія паступілі на іх імя, выкананыя тайнапісам, шыфрам, з ужываннем іншых умоўнасцяў або жаргону, а таксама якія носяць цынічны характар, накіраваныя на прычыненне шкоды ахоўным законам правам дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і асобных грамадзян альбо змяшчаюць звесткі, якія складаюць дзяржаўную, службовую тайну, адрасату не накіроўваюцца і асуджанаму не выдаюцца. Пра гэта абвяшчаецца асуджанаму, пасля чаго такая карэспандэнцыя знішчаецца. Гэтае правіла распаўсюджваецца і на тэлеграмы аналагічнага зместу.
Правілы ўнутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў:
Асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазваляецца адпраўляць і атрымліваць тэлеграмы і лісты без абмежавання іх колькасці.
З моманту прыёму тэлеграмы або лісты ад асобы, якая змяшчаецца пад вартай, і да іх адпраўкі, а таксама з моманту паступлення тэлеграмы або лісты ў СІЗА і да іх уручэння адрасату СІЗА нясе адказнасць за іх захаванасць.
Лісты, якія змяшчаюць звесткі, якія могуць перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, а таксама спрыяць здзяйсненню злачынства, у тым ліку пабягу з-пад варты, давядзенню або схілення да самагубства, распальванню расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы, ці іншага правапарушэння, выкананыя тайнапісам, шыфрам, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўную законам тайну, адрасату не адпраўляюцца, асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, не ўручаюцца і перадаюцца ў орган, які вядзе крымінальны працэс.
Правілы ўнутранага распарадку СІЗА КДБ, абмежаванні:
Лісты, якія змяшчаюць абразы, пагрозы, заклікі да расправы, а таксама звесткі, якія могуць перашкодзіць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы або разгляду яго судом, а таксама спрыяюць здзяйснення злачынства, выкананыя тайнапісам, шыфрам, якія змяшчаюць дзяржаўныя сакрэты ці іншую ахоўную законам тайну, адрасату не адпраўляюцца, асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, не ўручаюцца і перадаюцца органу, які вядзе крымінальны працэс.
Іван Лісіца