Барыс Хамайда распавёў, што меркаваў прастаяць з плакатам у цэнтры Віцебску некалькі гадзін, але не атрымалася:
-Гэтыя амапаўцы адразу звярнуліся да мяне з дзіўным папярэджаньнем : “Барыс Ханонавіч, сыходзьце, у вас сёння выходны дзень!” Які выходны? Я да “сіняга дому” выходжу амаль штодня… Тады яны кажуць: “Мы вас затрымаем”. Пытаюся: “За што гэта? Я ж проста так стаю, нічога не раблю!” Яны адышлі, я дастаў плакат, а хвілін праз 20 тыя хлопцы з’явіліся зноў. Зноў папярэджваюць, што зараз выклічуць машыну… Рабіць няма чаго: я згарнуў плакат. Амапаўцы кажуць: “Заўтра стойце тут з чым хочаце, а на сёння ў нас загад – каб ніякіх “чарнобыльскіх” акцый не было.
Ніводнай акцыі да 25-х угодкаў аварыі ў Чарнобылі на Віцебшчыне сёлета не дазволілі, хаця адпаведныя заявы падавалі мясцовыя актывісты і ў Полацку, і ў Наваполацку, і ў Воршы, і ў Віцебску.
Тым не менш, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка традыцыйна збяруцца на малебен каля крыжа на Успенскай горцы ў Віцебску. А прадстаўнікі апазіцыйных партый і рухаў прымуць зварот да ўрадаў Расіі і Беларусі наконт недапушчальнасці будаўніцтва новай АЭС у Астраўцы.