Панядзелак, 01 Май 2023

У Віцебску да Дня Перамогі адчынілі выставу зброі з калекцыі былога міністра МУС Шуневіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Тое, што ў «Год мира и созидания» ў абласным цэнтры да 9 траўня адчынілі выставу зброі, выглядае двухсэнсоўна. Але экспзазіцыя, размешчаная ў Віцебскім краязнаўчым музеі, мае яшчэ адну асаблівасць: гэта прыватны збор былога міністра МУС Ігара Шуневіча, які прызнаваўся, што з“яўляецца апантаным калекцыянерам зброі – проста «памяшаны на гэтым». Спадар Шуневіч, які быў Міністрам унутраных справаў з 2012 па 2019 гады, яшчэ падчас знаходжання на гэтай пасадзе казаў, што колькасць агняпальнай зброі, якую ён захоўвае, даўно перавысіла дазволены заканадаўствам максімум, і таму ён быў вымушаны ўзяць ліцэнзію на калекцыянаванне.

Частку калекцыі Ігар Шуневіч, які цяпер з’яўляецца старшынём Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў , перадаў на захаванне ў Бягомльскі музей народнай славы. Паводле ягоных словаў, з тамтэйшых краёў паходзяць ягоная бабуля і ягоны бацька, якія перажылі нямецкую акупацыю. Да слова, музей у Бягомлі вядомы яшчэ і тым, што адзіны ў вобласці ладзіць Дзіцячыя партызанскія чытанні – конкурс школьных даследаванняў пра партызанскі рух у рэгіёне.

З Бегомля прыватны збор Шуневіча і прыехаў у Віцебск, дзе цяпер прэзентуецца як інтэрактыўная выстава агняпальнай зброі, якой карысталіся байцы Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Інтэрактыў заключаеца ў тым, што наведнікам прапануюць не толькі паглядзець, але і патрымаць у руках пісталет-кулямёт Шпагіна (так званы «ППШ»), вінтоўку сістэмы Мосіна, аўтамат Калашнікава, пісталеты «Вальтэр», «Наган» і «Маўзер». Дарэчы, гэтыя пісталеты былі на ўзбраенні не толькі ў чырвонаармейцаў: з іх у гады «сталінскага тэрору» расстрэльвалі мірных людзей, арыштаваных як «ворагаў народу». І сам Ігар Шуневіч 9 траўня 2015г. выходзіў на парад з нагоды Дня Перамогі ў форме супрацоўніка НКВД, патлумачыўшы, што гэты ўчынак – даніна памяці папярэднікам, якія «у гэтай форме абаранялі Радзіму» і «здзяйснялі подзвігі».

Станіслаў Іваноўскі