Пра былыя намеры ўладаў сведчыць надпіс на камяні, пакладзеным больш як 25 гадоў таму каля былога РДК: «Тут будзе ўстаноўлены мемарыяльны знак у памяць вязняў Віцебскага гета – ахвяр фашысцкага генацыду ў 1941-1944». Існуе нават гарадская легенда, нібыта да будынка дома культуры, узведзенага ў 1930-я гады аднойчы падвялі замежную дэлегацыю і распавялі, што якраз ён і быў сведкам злачынстваў над габрэямі. Замежнікі былі ў захапленні: ім падалося, што абшарпаны гмах з пустымі аканіцамі, які дзесяцігоддзямі чакае рэстаўрацыі, і ёсць ужо гатовы музей генацыду.
Ахвярамі віцебскага гета, якое праіснавала з ліпеня па снежань 1941 г. у раёне вуліцы Ільінскага на левым беразе Дзвіны, сталі каля 15 тысяч чалавек. Пытанне пра ўшанаванне іх памяці паўстае рэгулярна і не беспадстаўна: створаны не толькі некалькі праектаў стварэння мемарыяльнай зоны, але і ўжо гатовы помнік. Яго аўтар – віцебскі скульптар Іван Казак, а ягоная праца так і ляжыць на нейкім складзе ў разабраным выглядзе, бо пра фінансаванне ягонай устаноўкі ўжо даўно нават не ўздымаецца пытанне.
Тое, што на тэрыторыі віцебскага гета з’явілася шыльда з QR-кодам, сведчыць толькі пра адно: на помнік ці музей пакуль няма спадзеваў. Сваёй задачай удзельнікі праекта «Сохраним историю» лічаць менавіта стварэнне лічбавай базы ў інтэрнэце, дзе будзе захоўвацца інфармацыя пра наяўныя помнікі на месцы пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Таму часовы знак – камень з абяцаннем усталяваць тут сапраўдны помнік віцебскім габрэям, што сталіся ахвярамі генацыду, – ужо залічаны ў афіцыйныя, пастаянныя сімвалы памяці.
Жанна Жалейка