Нядзеля, 25 Верасень 2022

Фонд Талая плануе аздаравіць у Беларусі больш за тысячу дзяцей з Данбаса

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Зараз з удзелам ураджэнца Оршы заснавальніка і кіраўніка Дабрачыннага фонду паралімпійца Аляксея Талая ў санаторна-курортных установах Мінскай вобласці адпачываюць 350 дзяцей з Данбаса. Усяго пры фінансавай падтрымцы Саюзнай дзяржавы фонд плануе ў верасні-кастрычніку прывесці з акупаваных украінскіх тэрыторый у Беларусь 1050 чалавек. У чэрвені Талая ўнеслі ва ўкраінскую базу інфармацыйнага рэсурса «Міратворац». На гэтым сайце публікуюць дадзеныя тых, хто датычны да расейскай вайсковай і гібрыднай агрэсіі супраць Украіны.

Ужо на мінулым тыдні 150 дзяцей з так званай Данецкай Народнай Рэспублікі прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне. Адлегласць больш за тысячу кіламетраў яны пераадолелі, каб патрапіць у беларускі Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». 

Памагатым у гэтай справе стаў паралімпіец і матывацыйны спікер Аляксей Талай. Разам з супрацоўнікамі свайго дабрачыннага фонду вясной ён наведаў Данбас, на свае вочы ўбачыў наступствы агрэсіўнай вайны, развязанай Расіяй у дачыненні да Украіны. 

Дабрачынны фонд Аляксея Талая ўзяў на сябе ўвесь арганізацыйны бок гуманітарнага праекта, Міністэрства замежных спраў Расіі дапамагло вырашыць пытанні з дакументамі. Таксама  дапамагала і беларускае Міністэрства адукацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Іван Чайка