Серада, 17 Чэрвень 2015

Жыхары Полацку: Ну і дзе ваша «стабільнасьць»?!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Скасаваньне льготных крэдытаў ударыла па малазабясьпечаных сем’ях. Жыхарка Полацку Надзея Язьмер ініцыявала на пляцформе Change.org збор подпісаў за аднаўленьне выдачы льготных крэдытаў і зьвяртаецца ў тэксьце да прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.

«Нам скасавалі выдачу льготных крэдытаў. А што рабіць тым, хто пачаў будоўлю? Наша сям’я жыла ў інтэрнаце 10 гадоў і, нарэшце, атрымала права на тое, каб узяць ільготны крэдыт. Мы атрымалі надзел, паставілі падмурак, прыйшлі афармляць крэдыт у банк, а нам кажуць, што льготнае крэдытаваньне спыненае. Гэта несправядліва, так падманваць людзей і ставіць іх у бязвыходнае становішча! Сродкаў на крэдытаваньне, заплянаваных у 2015 годзе, выстарчыла толькі на 2 месяцы. І дзе ваша «падтрымка дзяржавы»? Дзе «стабільнасьць»? Колькі яшчэ чыноўнікі будуць набіваць свае кішэні?», - зьдзіўляецца жыхарка Полацку.

Пэтыцыю падтрымалі ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі распавядаюць пад пэтыцыяй у Change.org свае падобныя гісторыі.

«Я знаходжуся ў такім самым становішчы! Дазвол на будаўніцтва далі, цяпер асвойваем патрэбную суму грошай. Укладзена столькі сродкаў і высілкаў, а ў лютым мінае тэрмін для пачатку нулявога цыклу, а без крэдыту мы ня зможам яго закончыць, адпаведна, надзел канфіскуе выканкам. А як жа сілы, афармленьне ўсёй праектна-каштарыснай дакумэнтацыі і дазвольных дакумэнтаў і засвоенай часткі грошай?», - піша Настасься Капустцёнак з Полацку.

«Людзям трэба недзе жыць! Усё жыцьцё ў інтэрнаце? Ці заробкі сталі большымі і людзі перасталі мець патрэбу ў ільготах?», - піша Сьвятлана Конюхава з Наваполацку.

Нагадаем, у сувязі з эканамічным крызысам многія банкі прыпынілі крэдытаваньне будаўніцтва жытла, у тым ліку і льготнае.

charter97.org