Серада, 30 Сакавік 2022

Ваенна-патрыятычнае выхаванне – па старых савецкіх узорах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У школах Браслаўскага раёну правялі «месячнік ваенна-патрыятычнай работы». Тыя, хто вучыўся ў школе ў часы СССР, адразу пазнаюць маральна састарэлыя фарматы імпрэзаў, выкарыстаныя сучаснымі настаўнікамі – гэта конкурсы строю і песні, ваенна-спартовыя гульні накшталт «Зарніцы» і сустрэчы з ветэранамі, выпуск насценгазет і «баявых лісткоў».

Пэўнае развіццё фармат сустрэчаў набыў хіба што ў выглядзе запрашэнняў на гутаркі супрацоўнікаў памежных заставаў «Урбаны» і «Плюсы». Таксама ў рэчышчы сучаснай дзяржаўнай ідэалогіі для класных гадзінаў была абраныя тэма «Палітыка генацыду, рабавання і гвалту».

Дзеля справядлівасці варта заўважыць вельмі станоўчае памкненне настаўнікаў зацікавіць вучняў гісторыяй роднага краю. Прыкладам, «для вучняў Опсаўскай установы адукацыі стаў чэлендж «Ад герояў былых часоў не засталося амаль імён». Матэрыялам для яго правядзення паслужылі старыя нумары раённай газеты, прысвечаныя героям Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы даведаліся пра тое, як пачалася вайна на Браслаўшчыне, пра жыццё партызан і мясцовага падполля, пазнаёміліся з імёнамі герояў таго часу», -паведамляе інтэрнэт-сайт газеты «Браславская звезда».

Пэўны выхаваўчы эфект, найверагодна, маюць такія правераныя метады, як акцыі «Клопат» і «Ветэран жыве побач» – калі школьнікі дапамагаюць сталым людзям па гаспадарцы, віншуюць іх са святамі і гэтак далей. Але ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам застаецца ўсё менш і менш, а новых шляхоў у ваенна –патрыятычным выхаванні педагогі чамусьці не шукаюць. У цяперашнюю лічбавую эпоху, калі бадай што кожны школьнік мае доступ у інтэрнэт, для маральнага выхавання дзяцей і падлеткаў чамусьці не выкарыстоўваюцца сучасныя тэхнічныя магчымасці. Сённяшніх школьнікаў можна было б зацікавіць здымкамі тэматычных відэаролікаў або распрацоўкай квэстаў ці кампутарных гульняў. Толькі кіраўніцтва школ, падобна, цікавяць не вынікі ваенна-патрыятычнай працы і не інтарэс школьнікаў да гэтай тэматыкі, а лічбавыя паказнікі – «больш за 70 інфармацыйных гадзін, 50 урокаў мужнасці, 43 экскурсіі».


Феліцыян Красоўскі