Аўторак, 01 Сакавік 2022

Зварот Георгія Станкевіча да жыхароў Бешанковіцкага раёна

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Дарагія мае. Шосты дзень на Ўкраіне бушуе страшная вайна. Расея — краіна агрэсар. Беларусь ёй пасабляе. З тэрыторыі Беларусі на Ўкраінскія гарады ляцяць ракеты. Па беларускай зямлі ідуць калоны расейскага войска на Ўкраіну.

Нашая ўлада робіць выгляд, што нічога страшнага не адбываецца.

Зайдзіце на сайты Бешанковіцкага РВК, газеты «Зара». Там вайны няма. Яны адгарадзіліся ад яе.

Але вайна кожную хвіліну забірае жыцьці. Гэта - не вайсковая аперацыя. Гэта -- знішчэнне ўкраінскага народа.

Мы не павінны заставацца ўбаку.

Штогод мы здаём грошы ў Чырвоны крыж. Бешанковіцкі Чырвоны крыж, дзе нашыя грошы? Дзе сабраныя вамі цёплыя рэчы для ўкраінскіх дзетак з разбомбленых хат, для кіяўлян, што начуюць у метро?

Бешанковіцкія аўганцы, дзе ваш голас? Фашызм бывае не толькі нямецкі. Рускі фашызм страшны не менш.

Бешанковіцкія настаўнікі! Раскажыце на класных гадзінах дзеткам, хто на каго напаў. На чыёй тэрыторыі бушуе вайна. Чые гарады бамбяць.

Жыхары Бешанковіцкага раёна! У вас ці не ва ўсіх ёсць родныя і на Ўкраіне, і ў Расіі. Гэта на галовы вашых родных сыпляцца расейскія бомбы. Гэта расейскія 20-гадовыя хлопцы, сыны вашых родных, гараць у знішчаных танках на вуліцах украінскіх гарадоў.

Ёсць вялікая верагоднасць, што і беларускія хлопцы будуць адпраўленыя на бойню.

Давайце спынім гэтую вайну.

Кожны будзе рабіць тое, што толькі можа.

Не маўчыце!!!

Г.Станкевіч

P.S. З гэтай хвіліны лічыце мяне ўкраінцам.