71-гадовая Антаніна Піванос нарадзілася ва Ўкраіне (у Шапятоўцы), але больш за 50 гадоў пражыла ў Беларусі. Сёлета, на пачатку верасьня, яна напісала ліст на імя старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна з просьбай правесьці каля крамы “Эўраопт” на Маскоўскім праспэкце ў Віцебску свайго кшталту мастацкі пэрфоманс з вышываньнем гербу Ўкраіны. У лісьце згадала, што Ўкраіна – яе радзіма, і што паводле нацыянальнасьці яна ўкраінка.
Выказала таксама меркаваньне, што гэткай акцыяй паспрыяе ажыцьцяўленьню тых абавязацельстваў, якія ўзялі на сябе прэзыдэнты двух краін падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў.
“Такім чынам, сваімі сьціплымі дзеяньнямі я запоўню той вакуўм праўдзівай інфармацыі пра Ўкраіну, бо такая інфармацыя ў Беларусі адсутнічае нават пасьля падпісаньня дамоўленасьцяў у Кіеве”, - пісала Антаніна Піванос.
Сваю акцыю жанчына меркавала ладзіць штодзень з 14-га па 20-га верасьня, якраз у пэрыяд правядзеньня расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў “Захад-2017”.
Гарвыканкам: акцыя мае прыкметы пікетаваньня
Дазвол правесьці акцыю Антаніна Піванос не атрымала, бо чыноўнікі гарвыканкаму (у прыватнасьці намесьнік старшыні С. Саглаеў) вырашылі, што “меркаваная інфармацыйна-агітацыйная акцыя мае прыкметы пікетаваньня”. У сваім адказе ўлады спаслаліся на Закон аб масавых мерапрыемствах і параілі спадарыні Піванос зьвярнуцца па дазвол у мясцовую адміністрацыю.
Заявы аб правядзеньні пікетаваньня Антаніна Піванос накіравала ва ўсе тры раённыя адміністрацыі гораду. Меркавала зладзіць пікеты 21 кастрычніка ў парку адпачынку Чыгуначнікаў (Чыгуначны раён), 22 кастрычніка – у парку 30-годзьдзя УЛКСМ (Першамайскі раён), 28-га і 29-га кастрычніка – у парку імя Савецкай Арміі і каля “Эўраопту” на Маскоўскім праспэкце (Кастрычніцкі раён).
У сваіх заявах пэнсіянэрка зазначыла, што, кіруючыся законам, лёгікай і здаровым сэнсам, дамовы з УУС, установай аховы здароўя і з гарадзкім ЖКГ будуць заключаныя толькі ў выпадку атрыманага дазволу на правядзеньне пікетаваньня.
“Адмова ў правядзеньні на падставе таго, што гэтыя дамовы не пададзены разам з заявай, будзе ўспрынятая мной як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў і законных інтарэсаў”, - гаворыцца ў заявах.
Забароны з трох адміністрацыяў
З усіх раённых адміністрацыяў гораду пэнсіянэрка атрымала забароны на правядзеньне пікетаваньня якраз на той самай падставе: “вамі не пададзеныя дамовы, прадугледжаныя п.3 рашэньня Віцебскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 10 ліпеня 2009 году № 881 (“Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску”)”.
Апошняя адмова прыйшла 24 кастрычніка з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. Акрамя “традыцыйнай” падставы (адсутнасьць дамоваў з арганізацыямі) чыноўнікі спасылаюцца і на нелігітымнасьць месца правядзеньня пікету каля “Эўраопту”, бо яго няма ў сьпісе “вызначаных” і “дазволеных”.
Антаніна Піванос пакуль ня ведае, ці будзе абскарджваць рашэньні ўладаў, але вельмі зьдзіўленая гэтымі забаронамі.
– Цікава, а калі б я загадзя аформіла тыя дамовы і мне потым усё роўна забаранілі б ладзіць пікетаваньні – ці вярнулі б мне грошы, якія б я выдаткавала на міліцыянтаў, мэдыкаў ды камунальнікаў? – пытаецца жанчына і зьбіраецца пераадрасаваць гэтае пытаньне ўладам.
“Такое вось беларуска-ўкраінскае сяброўства…”
– Атрымліваецца, што, каб ажыцьцявіць свае законныя правы на правядзеньне масавага мерапрыемства, пэнсіянэру ў Беларусі трэба ахвяраваць на гэта, мабыць, усю сваю пэнсію ды назапашаныя сродкі. Гэта дзіўна. Такое вось беларуска-ўкраінскае сяброўства атрымліваецца… - дадае Антаніна Афанасеўна.
Дарэчы, каб распавесьці пра свае ідэі і жаданьні, накіравала яна ліст і ў амбасаду Ўкраіны ў Беларусі. Адказу не атрымала, але датэлефанавалася да консула. Папрасіла, каб паспрыяў у правядзеньні гэтай вулічнай імпрэзы. Паводле словаў спадарыні Піванос, консул нічога не абяцаў. Сказаў толькі, што ў кожнай краіне свае правілы, і мы, маўляў, ня можам дыктаваць свае правілы Беларусі.
Зьміцер Міраш