Паводле Эвангельля цар Ірад сустрэў магаў, што прыйшлі у Юдэю, і запатрабаваў ад іх паказаць на народжанага Збаўцу. А калі зразумеў, што магі не паслухаліся яго загаду, загадаў сваім ваярам забіць у ваколіцах Бэтлеему усіх немаўлят да двухгадовага ўзросту. Маленькія дзеці, якія сталіся першымі пакутнікамі за Хрыста, лічацца заступнікамі немаўлятаў. У гэты дзень праваслаўныя моляцца аб прадухіленьні абортаў, а тыя, хто калі-небудзь іх рабіў, прыносяць пакаяньне.
У Наваполацку акцыя стала традыцыйнай і ладзіцца ўжо шэсьць гадоў запар з удзелам гарадзкіх уладаў, кіруючых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацыяў. Сёлета імпрэза стала яшчэ больш маштабнай. Каардынацыйны цэнтар абароны жыцьця і сямейных каштоўнасьцяў «Зараджэньне» Полацкай епархіі супольна з жаночай кансультацыяй Наваполацкага цэнтральнага гарадзкога шпіталя правялі супрацьабортны флэшмоб.
У паліклініцы №1 разьмясьцілі 174 балёнікі. Каляровыя – іх было 46 – прысьвячаліся народжаным дзецям, жыцьці якіх удалося захаваць у выніку працы габінэту псыхалягічнага кансультаваньня жанчын, якія прыйшлі на аборт. А душы загінулых немаўлятаў сымбалізавалі 128 белых балёнікаў – менавіта столькі было зьдзейсьнена штучных перапыненьняў цяжарнасьці ў 2016 годзе ў нафтаградзе.
Да кожнага балёніку былі прымацаваныя цыдулкі-лісты: «28.07.2016 тата з мамай вырашылі, што я ім не патрэбны», «Калі б я нарадзілася, то гуляла б у лялькі са сваёй старэйшай сястрычкай», «Мама так і не даведаецца, якога колеру ў мяне вочкі і як я ўмею ўсьміхацца»... Адначасова распаўсюджваліся інфармацыйныя матэрыялы праграмы дапамогі крызысным цяжарным «Ратуй жыцьцё». Бяз дрыжыкаў і сьлёз гэтыя буклеты чытаць немагчыма, настолькі жудасныя падрабязнасьці пра выдаленьне плоду з чэрава маці яны зьмяшчаюць.
Галоўныя мерапрыемствы прайшлі на цэнтральнай плошчы імя Будаўнікоў. Валянтэры прынесьлі сюды балёнікі, а насустрач ім – ад царквы іконы Божай Маці «Неспадзяваная радасьць» пасьля праведзенай там Боскай літургіі – рушыў хрэсны ход. Пасьля набажэнства аб прабачэньні грэху дзетазабойства ўдзельнікі акцыі адпусьцілі балёнікі ў неба як заклік грамадзтва да пакаяньня, а паставілі паставілі зьнічкі за ненароджаных немаўлятаў. Ахвотныя маглі падаць запіскі пра дараваньне дзяцей і зрабіць ахвяраваньні.
– Сымбалічна, – адзначыў намесьнік дырэктара па асьветніцкай працы цэнтру «Зараджэньне» Павал Сафронаў, – што акцыя адбываецца ў сьветлыя калядныя дні, напоўненыя вялікім духоўным сэнсам. Мы хочам нагадаць грамадзтву пра тое, што нараджэньне дзіцяці – гэта цуд. Галоўнай задачай лічым выратаваньне жыцьця дзяцей праз прыцягненьне увагі людзей да праблемы абортаў. Бо іх сёньня ў Беларусі на 100 родаў прыпадае 25 – да 30 тысяч на год. Спадзяёмся, нашы дзеяньні будуць спрыяць памяншэньню сумнай статыстыкі.
https://vitebskspring.org/news/akcyi/item/2149-aktsyya-u-navapolatsku-sotni-belykh-baljonikau-u-pamyats-pra-nenarodzhanykh-dzyatsej#sigProId9a8f6f17ef
Ларыса Малашэня, vitvesti.by