У калектыўным звароце, пад якім падпісваліся віцебчукі, таксама зьмяшчаецца прашэньне да ўладаў надаць помніку Ўладзімеру Караткевічу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. За гадзіну ўдалося сабраць каля двухсот подпісаў.
Каардынатарка БХД па Віцебску і вобласьці Тацяна Севярынец, якая ёсьць ініцыятарам збору подпісаў, плянуе накіраваць калектыўны ліст са зваротам віцебчукоў у Міністэрства культуры і мясцовыя органы ўлады.
Парк Партызанскай славы, які згадваецца ў лісьце, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі жыхароў Віцебску ўжо некалькі месяцаў. У выпадку будаўніцтва новага моста і пашырэньня вуліцы Чэхава існуе рэальная пагроза зьнішчэньня значнай яго часткі. Ужо цяпер частка парку адгароджаная дзеля будаўніцтва Сафійскага сабору – копіі аднайменнага полацкага храму ўзору 11 стагодзьдзя. Калі будоўля распачнецца, у парку будзе зьнішчана больш за 200 дрэваў.
Мэтазгоднасьць пабудовы сабору на тэрыторыі парку выклікае ў віцебчукоў сумневы. Ці патрэбны ў гістарычным цэнтры Віцебску яшчэ адзін храм? Тры праваслаўныя храмы там і так ужо ёсьць, аднак колькасьць іх наведнікаў застаецца нешматлікай нават па сьвятах. У той самы час у горадзе адчуваецца брак дзіцячых садкоў і школ, не зьмяншаецца колькасьць аб’ектаў-даўгабудаў у мэдычнай і культурнай сфэрах, разбураюцца помнікі архітэктуры.
Хвалюе віцебчукоў і тое, за чый кошт будзе ўзводзіцца Сафійскі сабор. Людзі сумняюцца ў фундатарскай дапамозе ад расейскага «Газмпрому» і непакояцца, што грошы на будаўніцтва будуць зьбірацца шляхам арганізацыі прымусовай працы месьцічаў на дабрачынных суботніках.
Жыхары Віцебску лічаць, што будаўніцтва лепш перанесьці ў адзін з тых раёнаў гораду, дзе няма іншых праваслаўных храмаў. Адпаведная прапанова была выказаная ў пэтыцыі да мітрапаліта Паўла, якую падпісалі некалькі тысячаў чалавек. Аднак зварот застаўся без адказу. Гэтаксама, як і калектыўны ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Не атрымалася прыйсьці да кампрамісу і з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, якія прыходзілі паразмаўляць з пратэстоўцамі.
Дарэчы, калі мінулым разам, пры канцы верасьня, асноўным апанэнтам пратэстоўцаў быў протаіярэй Міхаіл Мартыновіч, які апякуецца будаўніцтвам храму, то на кастрычніцкай сустрэчы гэтую ролю выканаў паслушнік Сергій. І, трэба адзначыць, у адрозьненьне ад протаіярэя, паводзіўся ён стрымана і памяркоўна, чым спадабаўся прысутным. Хаця асноўная маса прэтэнзіяў, выказаных віцебчукамі, была па-за кампэтэнцыяй паслушніка, яго разважлівасьць і жаданьне пачуць апанэнта выгадна адрозьнівалі яго ад харызматычнага айца Міхаіла.
Пакуль мэта не дасягнутая, віцебчукі не зьбіраюцца спыняць свае пратэсты. Актывісты вырашылі сустракацца штотыдзень па панядзелках каля помніка Ўладзімеру Караткевічу, каб абмяркоўваць свае далейшыя дзеяньні.
https://vitebskspring.org/news/akcyi/item/2014-vitsebchuki-ne-zbirayutstsa-spynyats-pratesty-suprats-znishchennya-parku-partyzanskaj-slavy#sigProIdc82aca54c3
Кацярына Загорская