Субота, 06 Кастрычнік 2012

У Віцебску забаранілі пікет, прымеркаваны да Сусьветнага дня барацьбы за годную працу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адміністрацыя Кастрычніцкага раёну Віцебску адмовіла актывістам незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) у правядзеньні пікетаваньня ў Сусьветны дзень барацьбы за годную працу, які адзначаецца 7 кастрычніка. Заяўнікі акцыі хацелі правесьці 7 кастрычніка двухгадзіннае пікетаваньне на плошчы Перамогі ў Віцебску. Адмова прыйшла за подпісам намесьніка кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску Віктара Галанава.

 

«Вам не дазваляецца правядзеньне пікетаваньня ў сувязі з тым, што вамі ня выкананыя патрабаваньні пунктаў 1 і 3 рашэньня гарвыканкаму № 881 – аб вызначаных месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў і падачы разам з заявай дамоваў з РАУС, Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікай і Віцебскай ЖКГ» , – гаворыцца ў адказе з раённай адміністрацыі.

«Падчас пікетаваньня мы плянавалі высунуць патрабаваньні да ўраду аб адмене сыстэмы тэрміновых працоўных кантрактаў, якая зьяўляецца пятлёй на шыі для працоўнага клясу. Мы казалі б людзям аб недапушчэньні дыскрымінацыі ў працоўных адносінах, у тым ліку па прыкмеце прыналежнасьці да незалежных прафсаюзаў. Інфармавалі б людзей пра тое, як у краіне справы з аховай працы. І вядома - з аплатай працы. На жаль, у Віцебску нам забаранілі праводзіць мерапрыемства і гаварыць зь людзьмі на гэтыя балючыя тэмы. Хоць у Менску гарадзкія ўлады дазволілі-ткі праводзіць падобныя пікеты», - распавёў «Дыялёгу» кіраўнік Віцебскага аддзяленьня прафсаюзу РЭП Георгі Разумаў.

На думку прафсаюзнага лідэра, святкаваньне Сусьветнага дня барацьбы за годную працу мелася б стаць важным крокам да ўсьведамленьня таго, у якіх рабскіх і недастойных умовах знаходзяцца працоўныя Беларусі. Пікетаваньне ў цэнтры гораду дапамагло б таксама наладзіць зваротную сувязь з працоўнымі: «Трэба ісьці на прадпрыемствы і гаварыць з працоўнымі. На той жа “Віцязь”, напрыклад, дзе людзі проста бядуюць. На жаль, зваротнай сувязі няма. У найлепшым выпадку, працоўныя выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу, але ў наш не ўступаюць. Зьвяртаюцца толькі па кансультацыі», - кажа Георгі Разумаў.

У якасьці прыкладу таго, як незалежны прафсаюз РЭП адстойвае правы працоўных, Георгі Разумаў прыводзіць сытуацыю з былымі працаўнікамі прадпрыемства «Віцебскмясамалпрам», беспадстаўна абвінавачанымі ў вялікай нястачы. Дарэчы, 11 кастрычніка Віцебскі абласны суд разгледзіць касацыйную скаргу на рашэньне суду Чыгуначнага раёну, які не задаволіў пазоў прафсаюзу аб абароне дзелавой рэпутацыі і пакрыцьці маральнай шкоды, прычыненай прадпрыемствам былым працаўніцам.

Паводле слоў Разумава, годная праца – гэта найперш годныя ўмовы і заробкі: «І яшчэ: праца мае быць свабоднай. Вельмі часта адбываецца так, што людзі знаходзяць добрую працу, але з ранейшай звольніцца проста ня могуць, бо зьвязаныя гэтай пятлёй – кантрактнай сыстэмай. Праца ў нас – несвабодная. А што тычыцца годнай аплаты, то яна павінна забясьпечваць дастойнае жыцьцё, пра якое гаворыцца і ў Канстытуцыі. Пяцьсот даляраў можна абяцаць бясконца… Але кошты не стаяць на месцы. Кошты пад прэзыдэнцкія абяцаньні не падладжваюцца».

Дыялёг

Залагініцца каб дадаць камэнтары