Субота, 24 Жнівень 2013

Жыхары Барані патрабуюць грамадзкіх слуханьняў наконт новай ЦЭЦ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яны зьвярнуліся ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і мясцовы гарвыканкам з калектыўнымі лістамі, дзе выклалі свае прэтэнзіі. Адказ з выканкаму ўжо атрыманы, але ён несуцяшальны. У лісьце за подпісам старшыні Баранскага гарвыканкаму Васіля Русакова сказана толькі пра тое, што будоўля ЦЭЦ на мясцовых відах паліва прадугледжаная праграмай разьвіцьця энэргетычнай сыстэмы ў Беларусі, прынятай у 2007 годзе, і што «ўзровень забруджваньня выкідамі ў атмасфэру і сьцёкамі адпавядае нормам».

Але аб’ектыўныя падрабязнасьці пра тое, наколькі шкодны будзе ўплыў новай ЦЭЦ, жыхарам гораду не вядомыя. Таму яны і прасілі старшыню гарвыканкаму паспрыяць, каб публічнай стала інфармацыя пра тое, наколькі шкоднымі будуць выкіды ад спальваньня тарфяной крошкі, а таксама прадставіць высновы экалягічнай экспэртызы. Гэтыя просьбы былі праігнараваныя. Аўтараў калектыўнага ліста папросту паставілі перад фактам: будоўля ЦЭЦ завяршаецца ўжо сёлета.

Асабліва занепакоеныя будоўляй новай ЦЭЦ жыхары Зарэчнай вуліцы. Тут і шматпавярховікі, і прыватны сэктар — а літаральна праз дарогу ўзводзіцца бела-блакітны прамысловы будынак. Паводле плянаў, новая ЦЭЦ будзе працаваць на торфе і драўніне. Плянуецца штогод спальваць 35–37 тысяч тон тарфяной крошкі, якую будуць вазіць за 45 кілямэтраў у Аршанскі раён з суседняга — Талачынскага.

«Маршрут, выбраны кіраўніцтвам будоўлі ЦЭЦ, пралягае праз цэнтар гораду і жылы квартал, хоць ёсьць магчымасьць вазіць паліва ў аб’езд, па тэрыторыі прадпрыемства «Тэхніка сувязі», — пішуць бараньцы ў лісьце, накіраваным у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Яны просяць, каб маршрут падвозу паліва на аб’ект быў зьменены. А найперш — каб былі арганізаваныя грамадзкія слуханьні. Бо жыхароў Барані ўсур’ёз турбуе і ўтылізацыя адкідаў, і тое, ці застанецца чыстым паветра ў навакольлі, бо ў адным з бліжэйшых двароў — дзіцячы садок.

Адказу з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі жыхары Барані чакаюць не пазьней як у сярэдзіне верасьня. Увогуле ж яны спадзяваліся на ягоны прыезд, кажа дэпутат Баранскага гарсавету Віктар Міхасёў: «Казалі, што Аляксандар Лукашэнка можа прыехаць адчыняць гэтую ЦЭЦ. А ўвогуле сытуацыя тлумачыцца адсутнасьцю інфармацыі: гараджанам ня кажуць, што робіцца ў нашай Барані. Будоўля ішла ўжо даўно, вісела шыльда, што будуецца „міні-ЦЭЦ“. Слова „міні“, відаць, і супакойвала — маўляў, нешта маленькае, бясшкоднае… А потым народ нешта пачытаў, у кагосьці знайшліся сваякі ці знаёмыя ў Рэчыцы, дзе такую „міні-ЦЭЦ“ ужо збудавалі. І расказалі нашым, што гэта вялізны аб’ект і што ён не такі ўжо бяскрыўдны з пункту гледжаньня экалёгіі. Таму спачатку напісалі ліст у гарвыканкам, сабраўшы пад 20 подпісаў. А потым — і ў адміністрацыю прэзыдэнта. Там падпісалася больш за 70 чалавек. Можна было сабраць і некалькі тысяч подпісаў, бо людзі абураныя, што іхныя меркаваньні проста ні ўва што ня ставяць!»

Дарэчы, адна ЦЭЦ у Барані ўжо ёсьць — газавая, з высокімі бел-чырвона-белымі комінамі. Але жыхарам патлумачылі, што яе магутнасьці перавышаюць патрэбы спажыўцоў: газавую ЦЭЦ будавалі з разьлікам на вялікае прадпрыемства, фірму «Лёс», якое цяпер ператварылася ў маленькі заводзік «Тэхніка сувязі».

Аднак старую ЦЭЦ адключаць ня будуць, яе проста перавядуць на эканамічны рэжым працы. Бо спыніць яе, а потым у выпадку неабходнасьці зноў запусьціць будзе каштаваць шмат грошай. Тут жа, побач са старой ЦЭЦ, і ўзводзяць новую, на так званых «мясцовых відах паліва».

Жыхары Барані хацелі б таксама пазнаёміцца з падлікамі эканамістаў, наколькі рэнтабэльны будзе новы энэргетычны аб’ект. З улікам сродкаў на амартызацыю абсталяваньня старой ЦЭЦ, коштам падвозу паліва з суседняга раёну і гэтак далей.

Крыніца: Радыё Свабода 

Залагініцца каб дадаць камэнтары