Чацвер, 29 Жнівень 2013

Віцебская апазыцыя зьбірае подпісы пад калектыўным лістом да пракурора

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прадстаўнікі руху “За свабоду”, прыхільнікі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, сябры Партыі БНФ і кампаніі “Гавары праўду” зьбіраюць подпісы пад калектыўным лістом да пракурора вобласьці Генадзя Дысько. Яны просяць вынесьці пратэст на рашэньне суду Віцебскага раёну, які санкцыянаваў прымусовае псыхіятрычнае лячэньне віцебскага ўрача Ігара Пастнова.

Паводле сябра аргкамітэту па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксея Гаўруцікава, у адпаведнасьці з Законам аб пракуратуры такі пратэст можа быць вынесены або абласным пракурорам, або ягонымі намесьнікамі:

“Псыхіятрычнай клініка, дзе з 16 жніўня знаходзіцца Ігар Пастноў, месьціцца ў Віцебскім раёне, Віцебскі раённы суд выносіў рашэньне пра прымусовае лячэньне, а санкцыю на зьмяшчэньне Пастнова ў шпіталь даваў пракурор Віцебскай гарадзкой пракуратуры. Таму мы зьвяртаемся вышэй – да пракурора вобласьці. Мы пішам, што былі парушаныя правы Ігара Пастнова – гэта і права на незалежнае судовае разьбіральніцтва, і права на юрыдычную дапамогу. Бо на судовы працэс яго не прывозілі, не было там і ягонага прадстаўніка, адваката. Парушана, на нашу думку, і права на свабоднае выказваньне думак і меркаваньняў. Бо Пастноў апынуўся ў “псыхушцы” пасьля крытычных выступаў на адрас мэдустановаў вобласьці і абласнога кіраўніцтва, уладаў. І да таго яму ўжо ня раз адкрыта пагражалі прымусовым псыхіятрычным лячэньнем”.

Праваабаронца Пётар Іваноў прапанаваў віцебскім партыйным актывістам замовіць шэраг пікетаў на знак салідарнасьці зь Ігарам Пастновым. Гэтая ідэя зараз прапрацоўваецца.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"